Віктар Іосіфавіч Піятроўскі нарадзіўся ў 1855 г., у 1879 г. скончыў Санкт-Пецярбургскае будаўнічае вучылішча і атрымаў спецыяльнасць грамадзянскага інжынера. У 1879–1880 гг. служыў малодшым інжынерам будаўнічага аддзялення Ноўгарадскай губерні, у 1881–1887 гг. быў Віцебскім гарадскім архітэктарам. У гэты перыяд па яго праекце і пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны піваварны завод у мястэчку Чашнікі Лепельскага павета (цяпер горад Чашнікі Віцебскай вобласці), была праведзена рэканструкцыя Віцебскага гарадскога тэатра (1882), Віцебскага Варварынскага касцёла (1884). З 1910 г. з’яўляўся сапраўдным членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, уваходзіў у Віцебскае сельскагаспадарчае таварыства.
Службовыя абавязкі вымушалі В.І. Піятроўскага часта мяняць месца жыхарства, разам з сям’ёй ён знаходзіўся ў Новарасійску, Санкт-Пецярбургу і Тыфлісе (цяпер Тбілісі), у 1913 г. жыў у Варшаве. Дакладная дата смерці інжынера-архітэктара невядома, таму што звесткі аб ім пасля 1917 г. адсутнічаюць.
Віктар Іосіфавіч Піятроўскі ажаніўся з Лідзіяй Плюшчэўскай-Плюшчык, дачкой віцебскага архітэктара Хрысціяна Мікалаевіча Плюшчэўскага-Плюшчыка. У іх сям’і нарадзіўся сын – Рыгор Віктаравіч Піятроўскі (1881–1935) – адзін з першых лётчыкаў Расійскай Імперыі, які здзейсніў першы ў Расіі пералёт на аэраплане над морам.