Дата нараджэння:
02.01.1947 Чэрвень, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка:
спартсмен і трэнер (цяжкая атлетыка), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІ летніх Алімпійскіх гульняў (1976, Манрэаль), чэмпіён свету (1976) і Еўропы (1975, 1976), сярэбраны (1980) і бронзавы (1979) прызёр чэмпіянатаў Еўропы, мнагакратны рэкардсмен свету і СССР, кавалер ордэна Дружбы народаў
Імёны на іншых мовах:
Shary Valeri (не вызначана); Шарий Валерий Петрович (руская);
5128 сімвалаў
Даведка
Залатымі літарамі ў гісторыю айчыннага спорту ўпісаны імёны беларускіх спартсменаў-алімпійцаў – лёгкаатлетаў, барцоў, гімнастаў, гандбалістаў, плыўцоў, фрыстайлістаў, біятланістаў і інш. Першым сярод айчынных цяжкаатлетаў атрымаў залатую ўзнагароду ў 1976 г. у Манрэалі (Канада) В. Шарый, які стаў пераможцам ХХІ летніх Алімпійскіх гульняў.
Ён нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Чэрвень (зараз горад у Мінскай вобласці). У 1960 г. сям'я пераехала ў Мінск. У дзяцінстве В. Шарый не марыў аб вялікім спорце і пасля заканчэння васьмі класаў пайшоў працаваць на Мінскі завод газсантэхдэталей. Праз два гады стаў высокакваліфікаваным рабочым. У вольны час наведваў секцыю цяжкай атлетыкі пры таварыстве «Дынама». Першым яго трэнерам быў Б. Левін, які адразу адзначыў здольнасці пачынаючага штангіста. На першых спаборніцтвах В. Шарый выступаў у лёгкай вагавой катэгорыі. У 1965 г. выканаў нарматыў другога разраду. З красавіка 1966 г. ён, ужо амаль першаразраднік (да гэтага нарматыву ў суме трохборства не хапала ўсяго толькі 2 кг) стаў членам спартыўнага клуба Беларускай ваеннай акругі (БВА), дзе займаўся пад кіраўнтцтвам П. Зубрыліна – першага ў нашай краіне заслужанага трэнера СССР па цяжкай атлетыцы. У хуткім часе В. Шарый стаў майстрам спорту і ў 1967 г. у складзе зборнай БССР выступіў на чэмпіянаце Савецкага Саюза сярод моладзі. У гэтым спаборніцтве беларускі штангіст стаў чэмпіёнам краіны – гэта была першая значная перамога. У 1969 г. ён быў уключаны ў склад дарослай каманды для выступлення на чэмпіянаце свету і Еўропы ў Варшаве. У сярэдняй вагавой катэгорыі заняў пятае месца ў свеце і чацвёртае ў Еўропе. Такі рэзультат прымусіў В. Шарага трэніравацца яшчэ больш. Ён разумеў, што трэба назапасіць вопыт выступленняў на міжнародных спаборніцтвах, асвоіць методыку падрыхтоўкі лепшых штангістаў, навучыцца весці тактычную барацьбу. Вынікам духгадовай напружанай працы сталі бліскучыя рэзультаты. 6 снежня 1971 г. В. Шарый на розыгрышы Кубка СССР устанавіў свой першы сусветны рэкорд у суме трохборства (510 кг) для атлетаў сярэдняй вагавой катэгорыі. 14 мая 1972 г. у Маскоўскім палацы спорту «Салют» спартсмен зноў святкаваў перамогу. Яго вынік (527,5 кг у трохборстве) спецыялісты лічылі фантастычным. Гэта быў трыумфальны поспех, і беларускага штангіста ўключылі ў алімпійскую зборную.
У Мюнхен, сталіцу ХХ летніх Алімпійскіх гульняў (1972), В. Шарый прыехаў бясспрэчным лідарам у сярэдняй вагавой катэгорыі. Аднак у трох спробах не ўзяў першапачатковай вагі (170 кг) і выбыў з барацьбы. Тое ж здарылася і з сябрам па камандзе Б. Паўлавым. У выніку зборная СССР атрымала чатыры нулявыя адзнакі (такога яшчэ не было ў гісторыі айчыннай цяжкай атлетыкі) і заняла другое месца ў агульным заліку. Пасля мюнхенскіх ХХ летніх Алімпійскіх гульняў некаторыя штангісты (Б. Паўлаў, У. Каратыгін) развіталіся са спортам, і толькі В. Шарый прыняў адзінае правільнае рашэнне: усё пачаць спачатку. Ён настойліва трэніраваўся, удзельнічаў у розных спаборніцтвах, дзе былі няўдачы і перамогі. Перадалімпійскі 1975-ы год стаў для спартсмена годам сусветных рэкордаў і бліскучых дасягненняў. На чэмпіянаце Узброеных Сіл Савецкага Саюза В. Шарый выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа, на VI Спартакіядзе народаў СССР атрымаў вялікі залаты медаль чэмпіёна і два малыя залатыя медалі за рывок і штуршок, стаў чэмпіёнам свету і Еўропы. Алімпійскія гульні 1976 г. у Манрэалі (Канада) былі трыумфальнымі для В. Шарыя. У спаборніцтвах беларускі спартсмен набраў у суме двух практыкаванняў 365 кг і апярэдзіў вядомых штангістаў (балгарына Т. Стойчава, фіна Ю. Авелана, венгра П. Бацаку). Залаты медаль алімпійскага чэмпіёна стаў В. Шарыю ўзнагародай за мужнасць, трываласць, вытрымку на памосце. Пасля манрэальскай алімпіяды ён некаторы час выступаў у самых розных спаборніцтвах. Стаў прызёрам чэмпіянатаў Еўропы (сярэбраным у 1980 г. у Белградзе і бронзавым у 1979 г. у Сафіі), чэмпіёнам VII Спартакіяды народаў СССР (1979, Ленінград), уладальнікам Кубка СССР (1978, 1979), пераможцам міжнародных турніраў «Кубак Балтыкі» (1969, 1972, 1978) і «Кубак Дружбы» (1979), чэмпіёнам свету (2007) і Еўропы (1994) сярод ветэранаў. Валерый Шарый устанавіў 13 рэкордаў свету, 15 рэкордаў СССР (1971–1979). Лепшае дасягненне спартсмена ў дваябор'і 392,5 кг (1980), штуршку 220 кг (1980), рыўку 175 кг (1979). Яго рэкорд у суме класічнага трохбор'я для атлетаў сярэдняй вагавой катэгорыі 527,5 кг застаўся «вечным» у гісторыі цяжкай атлетыкі.
У 1980 г. В. Шарый пакінуў прафесійны спорт і перайшоў на трэнерскую работу. Да 1982 г. быў старшым трэнерам БВА па цяжкай атлетыцы, потым (1982–1987) рыхтаваў спартсменаў у складзе групы савецкіх войскаў у Германіі. Пасля вяртання зноў кіраваў камандай БВА. Шмат гадоў (1994–2001 і 2004–2005) з'яўляўся трэнерам нацыянальнай зборнай каманды Беларусі. З 2001 г. працаваў у Мінскай абласной школы вышэйшага спартыўнага майстэрства, з 2005 г. у Мінскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. У нашай краіне з 2001 г. праводзяцца міжнародныя турніры на прызы В. Шарыя. У Мінску ў 2004 г. адкрыта школа, якая носіць імя спартсмена.