Леў Міхайлавіч Крукаў нарадзіўся ў г. Міхайлаве Разанскай вобласці (Расія). У 1958 г. з адзнакай скончыў Маскоўскі аўтамеханічны інстытут. Пасля атрымання дыплома працаваў на Мінскім аўтамеханічным заводзе. Быў майстрам цэха, сакратаром камітэта ЛКСМБ. З 1959 па 1970 г. з’яўляўся сакратаром Мінскага абкама ЛКСМБ, другім сакратаром ЦК ЛКСМБ, членам ЦК КПБ, першым сакратаром Першамайскага РК КПБ у Мінску. У 1973‒1984 гг. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела ў Беларускім Навукова-даследчым інстытуце навукова-тэхнічнай інфармацыі Дзяржплана БССР. Работу сумяшчаў з вучобай у аспірантуры (1974‒1978). У 1979 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Совершенствование экономического прогнозирования процессов смены моделей машин в производстве». З 1984 г. быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, з 1988 па 2000 г. ‒ дырэктарам Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Дзяржплана БССР (НДЭІ). У 2009‒2017 гг. з’яўляўся саветнікам рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Леў Міхайлавіч ‒ аўтар каля 300 навуковых прац па праблемах станаўлення рыначнай эканомікі, метадалагічных і навукова-метадычных аспектах даследавання праблем пераходнай эканомікі, структурнай і інстытуцыянальнай перабудовы эканамічнай сістэмы Беларусі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці на аснове мадэрнізацыі рэальнага сектара эканомікі, актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці, пабудовы нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Сярод іх ‒ «Опыт отраслевого прогнозирования за рубежом» і «Методы инженерного прогнозирования» (1974), «Прогнозирование в системе планирования развития народного хозяйства Белорусской ССР» (1975, у суаўтарстве), «Системы моделей в планировании» (1977, у суаўтарстве), «Некоторые черты современного экономического мышления» (1983) і інш. Вучоны прымаў удзел у распрацоўцы дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Дзякуючы яму былі праведзены шматлікія міжнародныя канферэнцыі, семінары, сімпозіумы. Леў Міхайлавіч быў намеснікам галоўнага рэдактара «Белорусского экономического журнала» і бюлетэня НДЭІ «Белорусская экономика: анализ, прогноз, регулирование». З’яўляўся членам калегіі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Вучоны ўзнагароджаны медалямі «За працоўную доблесць» і «За асваенне цалінных зямель» (1964), «За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» (1970), сярэбраным медалём ВДНГ (1987), ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.