Дата нараджэння:
01.01.1921 Жаўткі, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
24.01.2018 Расія
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне хірургіі, акадэмік Расійскай акадэміі навук, Герой Сацыялістычнай Працы (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, 1984), кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы
Імёны на іншых мовах:
Малиновский Николай Никодимович (руская);
4077 сімвалаў
Даведка
Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Жаўткі Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанскім сувязным. У 1948 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, ардынатуру і працаваў хірургам у Вілейцы. У 1951 г. стаў аспірантам кафедры факультэцкай хірургіі педыятрычнага факультэта 2-га Маскоўскага медыцынскага інстытута, якую ўзначальваў прафесар Б.В. Пятроўскі.
У 1954 г. М.Н. Маліноўскі абараніў дысертацыю на тэму “Экспериментальные наблюдения при зондировании сердца и ангиокардиографии” і атрымаў ступень кандыдата медыцынскіх навук. Адным з першых хірургаў у краіне распрацоўваў і ўкараняў у клінічную практыку метады катэтэрызацыі поласцяў сэрца і артэрый. З 1957 г. працаваў асістэнтам у клініцы шпітальнай хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. Пад кіраўніцтвам Б.В. Пятроўскага падрыхтаваў і ў 1964 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Тромбоз левого предсердия и его ушка у больных митральным стенозом”. У 1965 г. М.Н. Маліноўскі быў абраны прафесарам кафедры шпітальнай хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута, а ў 1970 г. стаў загадчыкам клінічнага аддзела Усесаюзнага НДІ клінічнай і эксперыментальнай хірургіі (цяпер Расійскі навуковы цэнтр хірургіі імя акадэміка Б.В. Пятроўскага). У 1973–2004 гг. Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі – галоўны хірург Чацвёртага Галоўнага ўпраўлення пры Міністэрстве аховы здароўя СССР (цяпер Медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі). У 1974 г. М.Н. Маліноўскі быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1978 г. стаў правадзейным членам (акадэмікам) Акадэміі медыцынскіх навук СССР (цяпер – Расійская акадэмія навук).
Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі апублікаваў больш за чатыры сотні навуковых прац (у т. л. сем манаграфій), прысвечаных дыягностыцы і хірургічнаму лячэнню прыроджаных і набытых парокаў сэрца, захворванняў падстраўнікавай залозы, жоўцепратокаў, ранніх формаў рака страўніка. Значная частка яго прац тычыцца праблем хірургічнага лячэння набытых парокаў сэрца, у прыватнасці мітральнага стэнозу, асабліва ў дзяцей (“Хирургическое лечение митрального стеноза у детей”, 1971). Мікалай Маліноўскі – адзін са стваральнікаў айчыннага кардыёстымулятара на ізатопных крыніцах сілкавання. Ён першым у СССР выканаў аперацыю па выдаленні тромба з лёгачнай артэрыі. Гэтай тэме прысвечана манаграфія “Антикоагуляторная и тромболитическая терапия в хирургии” (1976, у суаўтарстве з В.А. Казловым). Вучоны таксама з'яўляецца суаўтарам манаграфіі “Экстренная хирургия сердца и сосудов” і двухтомнага “Атласа грудной хирургии”. Больш за за чвэрць стагоддзя М.Н. Маліноўскі з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса імя М.І. Пірагова “Хирургия”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 снежня 1980 г. за вялікія заслугі ў развіцці медыцынскай навукі і ў сувязі з шасцідзесяцігоддзем з дня нараджэння Мікалаю Нікадзімавічу Маліноўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Шмат часу вучоны аддаваў падрыхтоўцы навуковых кадраў: пад яго кіраўніцтвам было выканана больш за пяць дзясяткаў дысертацый на суісканне вучонай ступені доктара і кандыдата медыцынскіх навук. Вучні акадэміка Маліноўскага ўзначальваюць буйныя навуковыя калектывы і лячэбныя ўстановы ў Расіі і за яе межамі.
У 1979 г. Мікалаю Нікадзімавічу Маліноўскаму было прысуджана ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Узбекскай ССР. Вучоны – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, 1984), прэміі імя А.М. Бакулева (2007), член Міжнароднага таварыства хірургаў, прэзідыума Асацыяцыі хірургаў імя М.І. Пірагова, ганаровы член Польскага хірургічнага таварыства, ганаровы доктар Медыцынскай акадэміі ў Кракаве. Акадэмік Маліноўскі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1978; 1980), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), “Знак Пашаны” (1965), расійскім ордэнам Дружбы (2002), знакам “За безупречную службу городу Москве” на працягу 50 гадоў (2008).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”, і матэрыялаў часопіса “Хирургия”.