Дата пачатку: 07.11.1952 Слуцк, г., Мінская вобласць
Кароткая даведка: дзяржаўная ўстанова
Назвы на іншых мовах: Slutsk Homeland Museum (англійская); Слуцкий краеведческий музей (руская);
Слуцкі краязнаўчы музей вядзе адлік сваёй гісторыі з сярэдзіны ХХ ст.: ён быў створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 27 верасня 1952 г. і рашэннем выканаўчага камітэта Слуцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 13 кастрычніка 1952 г.
Першая спроба стварыць музей у Слуцку адбылася яшчэ ў 1922 г., калі ў горадзе была заснавана Слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства, якая сабрала шэраг каштоўных экспанатаў: кальвінскую Біблію берасцейскага выдання, рукапіснае Евангелле XVI ст., посах, епітрахіль, і сярэбраную рызу XVI ст., партрэты князёў Алелькавічаў і інш. Падчас этнаграфічных экспедыцый рабіліся запісы народных песень, паданняў і легенд. Пры музеі існавала бібліятэка, якая складалася з каштоўных старадрукаў. У 1927 г. пашырылася паступленне музейных прадметаў, былі выдзелены грошы на музейнае абсталяванне: вітрыны, скрыні, шчыты і іншую мэблю. 28 сакавіка 1927 г. Слуцкі музей прыняў першых наведвальнікаў. На пачатак 1928 г. у яго фондах налічвалася 1766 экспанатаў, фонд бібліятэкі складаўся з 1354 кніг (у т.л. 260 старадрукаў), меліся рукапісы ХVІІ–ХІХ стст. Аднак ў 1940 г. музей у Слуцку быў зачынены, значная частка экспанатаў перададзена ў Мінск. У гады Вялікай Айчыннай вайны краязнаўчая праца была спынена, і толькі ў 1952 г. было прынята дзяржаўнае рашэнне аб адкрыцці ў горадзе краязнаўчага музея.
7 лістапада 1952 г. новая ўстанова культуры прыняла першых наведвальнікаў. На пасаду кіраўніка Слуцкага краязнаўчага музея быў прызначаны Іван Патапавіч Ільенка (1952–1954). Спачатку музей размяшчаўся ў двух пакоях гарадскога Дома культуры. У 1966 г. пад экспазіцыю і фонды музея быў перададзены будынак былога дваранскага сходу – помнік архітэктуры канца ХVIII ст., што дазволіла палепшыць умовы захоўвання экспанатаў, значна ўзбагаціць экспазіцыю. У розныя часы музеем кіравалі: Міхаіл Мікалаевіч Васілюк (1954–1962), Уладзімір Цімафеевіч Савановіч (1963–1968), Лідзія Іванаўна Шуба (1968–1971), Людміла Аляксееўна Ілюкевіч (1974–1978), Павел Ігнацьевіч Казлоў (1978–1982). Шмат зрабіла для музея Валянціна Сцяпанаўна Відлога, якая ўзначальвала ўстанову больш за 20 гадоў (1982–2003): дзякуючы яе намаганням быў зроблены капітальны рамонт будынка, адбылася поўная змена экспазіцыі, было наладжана цеснае супрацоўніцтва з іншымі музеямі Беларусі, вучонымі і мастакамі. У 1999 г. праца В.С. Відлога была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 2003 г. Слуцкі краязнаўчы музей узначальвае Наталля Георгіеўна Серык.
На пачатак 2011 г. асноўны фонд музея складаў 29705 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 10065 адзінак. Экспазіцыйная плошча складала 315 кв. м, выставачная – 352,5 кв. м. Экспанаты музея аб’ядныя ў 30 калекцый: “Нумізматыка”, “Баністыка”, “Археалогія”, “Філатэлія”, “Фалерыстыка”, “Этнаграфія”, “Жывапіс, графіка”, “Шкло, фарфор” і інш. У музеі дзейнічаюць выставачная і 6 экспазіцыйных залаў, бібліятэка, архіў. Стацыянарная экспазіцыя ахоплівае гісторыю краю ад старажытных часоў да сучаснасці.
У першай зале размешчаны прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, археалагічныя знаходкі з раскопак гарадзішча старажытнага Слуцка, матэрыялы па гісторыі ўзнікнення Слуцкага княства, Случчыны ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Сярод археалагічных знаходак – старажытныя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні ІІІ ст. да н.э. – І ст. н.э. з гарадзішча Івань, унікальныя касцяныя і драўляныя шахматныя фігуркі і каменныя і бурштынавыя крыжыкі ХІІ ст. са Слуцкага гарадзішча, кафля ХVІІ ст. з выявай герба Слуцка. Сярод экспанатаў ХVІІІ–ХІХ стст. – сярэбраны слуцкі пояс і фрагменты шаўковых паясоў, габелен “Паляванне на дзіка” ХVІІІ ст., вырабы Урэцкай шкляной мануфактуры, старадрукі ХVІІІ ст., дакументы і матэрыялы пра Раманаўскі бой 1812 г., паўстанне 1863–1864 гг.
У зале “Побыт гараджан ХІХ – пачатку ХХ ст.” экспануюцца матэрыялы, якія характарызуюць развіцце эканомікі і культуры Случчыны. Наступная зала адлюстроўвае жыццё Случчыны з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У зале “Край у гады Вялікай Айчыннай вайны” сабраныя матэрыялы аб акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, партызанскім і падпольным руху, вызваленні Слуцка, Героях Савецкага Саюза – ураджэнцах Случчыны Ф. Бруі і А. Уласаўцу. Аднаму з баёў на тэрыторыі Слуцкага раёна ў гады вайны прысвечана дыярама “Бой партызан каля в. Пераходы”.
Вялікую цікавасць выклікаюць дакументы і матэрыялы, прысвечаныя старэйшай школе Беларусі – Слуцкай гімназіі і яе вядомым выпускнікам – астраному В.К. Цэраскаму, акадэміку медыцыны А.Я. Красоўскаму, пісьменнікам А. Абуховічу, Я. Дыле і інш. У раздзеле “Касманаўтыка і Случчына” зберагаюцца ўнікальныя матэрыялы аб знакамітых ураджэнцах Случчыны: канструктары С.А. Косбергу, начальніках Байканура, вучоных у галіне ракетабудавання К.В. Герчыку і Ю.А. Жукаве.
Узнагароды і асабістыя рэчы знакамітых спартсменаў М. Якімовіча, А. Макушкінай і інш. прадстаўлены ў раздзеле “Случчына спартыўная”. Асобная зала прысвечана фізіка-геаграфічнай характарыстыцы краю, яго біялагічнай разнастайнасці.
22 чэрвеня 2001 г. пачаў сваю дзейнасць Музей этнаграфіі – адзін з філіялаў Слуцкага краязнаўчага музея. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку, нацыянальныя касцюмы, узоры ткацтва, дрэваапрацоўкі і пляцення з лазы канца ХІХ – пачатку ХХ ст.
Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву краязнаўчага музея з мастакамі, ураджэнцамі Случчыны – Г. Скрыпнічэнкам, І. Пратасеняй, У. Вітко, братамі У. і М. Басалыгамі стала магчымым адкрыццё Галерэі мастацтваў – філіяла краязнаўчага музея. 8 кастрычніка 2005 г. падчас правядзення ў Слуцку рэспубліканскага фестываля-ярмаркі “Дажынкі – 2005” адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Дзейнасць мастацкай галерэі накіравана на супрацоўніцтва з прафесійнымі мастакамі і мастакамі-аматарамі, народнымі ўмельцамі. Першым наведвальнікам Галерэі мастацтва стаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка.
Сёння супрацоўнікі музея займаюцца навуковымі даследаваннямі гісторыі краю, збіраюць і апрацоўваюць матэрыялы экспедыцый, вядуць пошукі ў архівах і бібліятэках. Адным з галоўных накірункаў музейнай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій, навукова-асветніцкая работа: стацыянарныя і перасовачныя выстаўкі, цыклы лекцый, экскурсій, урокаў мужнасці, сустрэч з воінамі-інтэрнацыяналістамі і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, знакамітымі землякамі. Добрай традыцыяй стала правядзенне “Ночы музеяў”, дзеля якой супрацоўнікі ўстановы рыхтуюць незабыўныя сустрэчы, цікавыя выстаўкі. Музей займаецца выдавецкай дзейнасцю, выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны: Пры фінансавай падтрымцы ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат” надрукаваны два ўнікальныя фотаальбомы “Слуцкая палитра: из фондов Слуцкого краеведческого музея” (2010), прысвечаны мастацтву Случчыны, і “Слуцк. Путешествие во времени”, дзе змешчана больш за 200 старых паштовак і фотаздымкаў горада (2011). У 2012 г. выданне было ўзнагароджана дыпломам І ступені Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “Фотапогляд”.
Натхнёная самаадданая праца калектыву, важкі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі неаднаразова адзначаліся дыпломамі ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Рашэннем упраўлення культуры Мінаблвыканкама Слуцкі краязнаўчы музей прызнаны лепшым музеем вобласці за 2007 год.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкай.
