Інстытут «Белпрамбудпраект» створаны 26 лістапада 1945 г. як гаспадарчая разліковая кантора для распрацоўкі канструкцый, тэхналогій і тэхнічных умоў вытворчасці вырабаў шырокага спажывання пры Наркаммясцпраме БССР. На працягу першых гадоў дзейнасці быў выкананы шэраг канструктарскіх распрацовак і праектаў (фабрыка па вытворчасці парасонаў у Мінску, рэканструкцыі арцелі «Беларусь» у Брэсце і фабрык бытавой хіміі ў Калінкавічах і Баранавічах, Магілёўскі ложкавы завод (зараз ААТ «Ольса)», Віцебская дывановая фабрыка (зараз ААТ «Віцебскія дываны»)). Распрацавана тэхнічная дакументацыя на вытворчасці швейных машын у Оршы.
З 1954 па 1964 г. канторай распрацаваны праекты цагляных заводаў, фабрык мастацкіх вырабаў у Мінску, Гродне, Магілёве. У 1960–1970 гг. па яе праектах пабудаваны хлебазаводы ў Мінску, Бабруйску, Брэсце, Баранавічах, Крычаве, Гомелі, Рагачове, фабрыкі музычных інструментаў у Маладзечне і Барысаве, завод «Хімпласт» у Віцебску, заводы сантэхнічнага абсталявання ў Гомелі, Гродне, Слуцку; заводы металавырабаў у Мінску, Дзятлаве, Брэсце і інш.
У ліпені 1961 г. на базе канторы створаны Беларускі праектна-тэхналагічны інстытут Галоўнага ўпраўлення мясцовай прамысловасці, які займаўся распрацоўкай праектаў рэканструкцыі прадпрыемстваў па ўсёй рэспубліцы. З 1970 г. інстытут працаваў над праектамі рэканструкцыі Мінскага маторнага і трактарнага заводаў, праектамі кавальскага цэха Мінскага завода шасцерняў, Віцебскага завода трактарных запчастак, завода «Электрапрылада» у Гродне (зараз ААТ «Радыёхваля»), мінскіх заводаў «Эталон» (зараз ВРУП «Завод “Эталон”») і завода медыцынскіх прэпаратаў (зараз РУП «Белмедпрэпараты») і інш. З 1976 г. інстытут распрацоўваў праекты значных аб’ектаў прамысловага і грамадскага прызначэння (станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, аўтатранспартныя прадпрыемствы, гаражы, стаянкі, таксапаркі, аўтавакзалы, мінскія тралейбусныя дэпо № 3, 4, 5, будынкі Міністэрства ўнутраных спраў, прадпрыемстваў «Белтара» (зараз ААТ «Белпрамтара») і «Аўтатранстэхніка» (зараз БелНДІ транспарту «Транстэхніка»), школы замежных спецыялістаў трактарнага завода) і інш. У 1977 г. інстытут перайменаваны ў Беларускі праектны інстытут «Белмясцпрампраект» і пачаў праектаванне будынкаў, збудаванняў і заводаў не толькі ў Беларусі, але і ў Прыбалтыцы, Украіне. З 1991 г. стаў называцца «Белпрамбудпраект» Дзяржкампрама Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. зарэгістраваны як Праектнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут “Белпрамбудпраект”».
На сучасным этапе асноўнымі кірункамі дзейнасці прадпрыемства з’яўляюцца комплекснае праектаванне аб’ектаў (прамысловых, сацыяльна-культурных, жылых) і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. За перыяд дзейнасці інстытут атрымаў больш за 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы і распрацаваў каля 400 рацыяналізатарскіх прапаноў.
За найбольш прагрэсіўныя работы інстытут узнагароджаны бронзавымі медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Адзначаны дыпломамі 1-й, 2-й, 3-й ступені будаўнічай выстаўкі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.