Дата пачатку: 2-я пал. XV ст.
Кароткая даведка: гарадскі пасёлак, цэнтр Глускага раёна Магілёўскай вобласці
Папярэднія назвы: Глуск-Дубровіцкі; Стары Глуск
Глуск – гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці, цэнтр Глускага раёна. Знаходзіцца за 170 км ад Магілёва, у 33 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. Размешчаны на рацэ Пцічы.
У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню згадваецца ў XIV ст. як велікакняжацкі двор у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XV ст. у Глускай воласці існавалі Стары Глуск (пазней Глуск-Пагарэлы) і Глуск-Дубровіцкі, на месцы якога ўзнік сучасны Глуск. У XVI ст. яго ўладальнік князь Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі заснаваў тут замак, а ў 1525 г. атрымаў ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога прывілей на правядзенне кірмашу. З канца XVI ст. Глуск знаходзіўся ва ўласнасці князёў Чартарыйскіх і Палубінскіх, з другой паловы XVII да канца XVIII ст. належаў магнатам Радзівілам. У 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) ён быў захоплены і разбураны казакамі, але ў хуткім часе адноўлены.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глуск далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка і стаў цэнтрам воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У час вайны 1812 г. у ліпені праз яго адступала 2-я руская армія на чале з Пятром Баграціёнам. У верасні 1812 г. пад Глускам рускі корпус пад камандаваннем генерала Фёдара Эртэля разбіў войскі Яна Дамброўскага, якія ўваходзілі ў склад арміі Напалеона. У ХІХ ст. насельніцтва мястэчка займалася сельскай гаспадаркай, перапрацоўкай сыравіны, смала- і вінакурэннем, гарбарнымі промысламі, дрэваапрацоўкай. Згодна з перапісам 1897 г. у Глуску налічвалася 675 двароў, пражывала 4778 жыхароў, дзейнічалі 3 медаварні, 2 народныя вучылішчы, царкоўнапрыходская школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне і інш.
У лютым – лістападзе 1918 г. мястэчка займалі германскія, са жніўня 1919 г. – польскія войскі. 12 ліпеня 1920 г. Глуск вызвалілі часці 2-й дывізіі 16-й арміі Заходняга фронту. Да 1924 г. ён знаходзіўся ў Бабруйскім павеце БССР, з 17 ліпеня 1924 г. стаў цэнтрам Глускага раёна Бабруйскай акругі. 27 верасня 1938 г. мястэчка атрымала статус гарадскога пасёлка ў складзе Палескай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 28 чэрвеня 1941 г. Глуск быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але супраціўленне ворагу працягвалася. У ліпені 1941 г. тут вяла баі Самара-Ульянаўская дывізія пад камандаваннем генерала К.М. Галіцкага, якая трапіла ў акружэнне. 24 ліпеня 1941 г. кавалерыйская група генерал-палкоўніка А.І. Гарадавікова прарвалася ў варожы тыл і на некаторы час вызваліла пасёлак, але пасля цяжкіх баёў адступіла. У гады акупацыі дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. Глуск вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. у ходзе Бабруйскай аперацыі войскамі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі. Адразу пасля вызвалення пачалося аднаўленне гаспадаркі пасёлка, наладжвалася мірнае жыццё. Ужо ў канцы ліпеня 1944 г. функцыянавалі 2 лесапільні, ваўначоска, сукнавальня, 2 электрастанцыі, у жніўні ўзнавілі працу гарбарны завод, амбулаторыя, затым машынна-трактарная станцыя, лясніцтва. З 20 верасня 1944 г. Глуск знаходзіўся ў Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 г. – у Мінскай, з 23 студзеня 1960 г. – у Магілёўскай абласцях. З 25 снежня 1962 г. уваходзіў у Бабруйскі раён, з 30 ліпеня 1966 г. зноў стаў цэнтрам Глускага раёна. У 1996 г. пасёлак атрымаў герб – у залатым полі іспанскага шчыта выява чырвонага замка з круглай вежай.
У цяперашні час у Глуску працуюць гімназія, 2 сярэднія школы, 3 дашкольныя ўстановы, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр, бальніца. Дзейнічаюць Глускае райспажыўтаварыства, УКП “Жылкамгас”, ААТ “Глускія бытпаслугі”, лясгас і інш. Выходзіць раённая газета “Радзіма”. У 2022 і 2024 гг. у Глуску праходзіў рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”. У пасёлку знаходзяцца брацкая магіла савецкіх патрыётаў, магілы ахвяр фашызму, Алея Славы, мемарыяльны комплекс у гонар землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнікі двойчы Герою Савецкага Саюза С.Ф. Шутаву, ахвярам фашызму, памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. Захаваліся помнікі археалогіі: гарадзішча жалезнага веку, селішча 1-га тысячагоддзя н.э., Глускае замчышча.
Глуск з’яўляецца радзімай паэта Янкі Бобрыка, доктара эканамічных навук І.Л. Акуліча, кампазітара, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.К. Іванова, мастака Г.Ф. Сурмы, доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Я.А. Райхмана, гравёра XVII – пачатку XVIII ст. А. Тарасевіча.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
