Дата пачатку: 1524 Круглянскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка: горад у Магілёўскай вобласці, цэнтр раёна
Назвы на іншых мовах: Круглое (руская);
Круглае – горад у Магілёўскай вобласці, цэнтр Круглянскага раёна. Знаходзіцца за 78 км на паўночны захад ад Магілёва, 19 км ад чыгуначнай станцыі Талачын на лініі Орша – Мінск, вузел аўтадарог на Магілёў, Оршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы. Размешчаны на рацэ Друць (прыток Дняпра).
Паселішча вядома з сярэдзіны XVI ст. З’яўлялася вёскай, з канца XVI ст. знаходзілася ў складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У другой палове XVIII ст. Круглае стала мястэчкам, якое належала гетману ВКЛ Міхалу Казіміру Агінскаму.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. далучана да Расійскай імперыі як вёска ў Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні ва ўласнасці княгіні Кацярыны Дашкавай. У 1784 г. у Круглым працаваў вінакурны завод, дзейнічала палатняная фабрыка, на якой вырабляліся палатно, сурвэткі, абрусы. У 1785 г. Круглае зноў стала мястэчкам. У час вайны 1812 г. у лістападзе тут размяшчалася галоўная кватэра рускіх войск на чале з генерал-фельдмаршалам Міхаілам Кутузавым. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 185 двароў, пражывала 1366 жыхароў, працавалі 2 вадзяныя млыны, крупадзёрка, сукнавальня, народнае вучылішча, царкоўнапрыходская і малітоўная школы, царква і інш. У красавіку, чэрвені і верасні праводзіліся аднадзённыя кірмашы.
У час Першай сусветнай вайны ў лютым – кастрычніку 1918 г. Круглае занімалі германскія войскі. З красавіка 1919 г. мястэчка знаходзілася ў Гомельскай губерні РСФСР, 3 сакавіка 1924 г. увайшло ў склад БССР, з 17 ліпеня 1924 г. да 8 ліпеня 1931 г. і з лютага 1935 г. з’яўлялася цэнтрам Круглянскага раёна Аршанскай акругі. У 1925 г. пераведзена ў разрад вёскі. З 8 ліпеня 1931 да 12 лютага 1935 г. Круглае было ў складзе Талачынскага раёна. У 1929 г. пачалі працаваць кавальская і кравецкія майстэрні, у 1932 г. створана машынна-трактарная станцыя. У 1933 г. дзейнічалі льнозавод, бальніца, радзільны дом, амбулаторыя, санстанцыя, аптэка і інш. 20 лютага 1938 г. Круглае ўключана ў Магілёўскую вобласць.
У час Вялікай Айчыннай вайны 8 ліпеня 1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў вёсцы і раёне 3379 чалавек. Падчас акупацыі дзейнічала Круглянскае антыфашысцкае падполле і партызанскія атрады. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, перадавалі партызанам зброю, харчаванне, медыкаменты, звесткі пра абарончыя ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, папярэджвалі пра карныя аперацыі, прымалі ўдзел у дыверсіях. У 1942 г. спалілі друкарню, склад прасаванага сена, у 1943 г. – бензасклад. Круглае вызвалена 28 чэрвеня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі.
11 сакавіка 1967 г. вёска атрымала статус гарадскога пасёлка. У 1974 і 2001 гг. былі распрацаваны генеральныя планы яго забудовы. Сучасную архітэктурна-планіровачную структуру вызначае прамавугольная сетка вуліц з невялікімі кварталамі аднапавярховых дамоў сядзібнага тыпу на левабярэжжы ракі Друць. Адміністрацыйна-грамадская і гандлёвая зоны размешчаны ўздоўж галоўнай кампазіцыйнай восі – вуліцы Савецкай, на якой сфарміравана цэнтральная плошча са скверам. На перакрыжаванні вуліц Савецкай і Перамогі знаходзіцца другая плошча – грамадскі гарадскі цэнтр. Паводле генеральнага плана 2001 г. вядзецца шматпавярховая забудова, рэканструкцыя грамадскіх будынкаў і добраўпарадкаванне цэнтра. Жылая забудова сканцэнтравана ў цэнтральнай і паўднёвай частках, на поўначы знаходзіцца прамысловая зона.
У 2002 г. пасёлак атрымаў афіцыйны герб – у блакітным полі іспанскага шчыта выява залатой падковы шыпамі ўверх, паміж імі залаты кавалерыйскі крыж. 19 снежня 2016 г. Кругламу быў нададзены статус горада. У цяперашні час тут працуюць 2 сярэднія школы, 4 дашкольныя ўстановы, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтральная раённая бібліятэка, Дом культуры, гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзейнічаюць завод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў “Усходні”, кандытарская фабрыка, Круглянскае ПМК-266, лясніцтва і інш. Выдаецца раённая газета “Сельскае жыццё”. У горадзе знаходзяцца праваслаўная Свята-Троіцкая царква (пабудавана ў 2005 г.), брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, магіла ахвяр фашызму. На Алеі Герояў у цэнтральным парку культуры і адпачынку ўстаноўлены манумент у гонар падпольшчыкаў Круглянскага раёна, помнікі Героям Савецкага Саюза і воінам-інтэрнацыяналістам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
