У 1937 г. на базе вышывальнага цэха арцелі «Швейпрам» была арганізавана арцель «8 Сакавіка» з 15 чалавек. Прадпрыемства ўваходзіла ў склад Беларускага Савета прамысловай кааперацыі.
Для пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі з народным беларускім арнаментам вышывальшчыцы арцелі карысталіся вопытам вясковых народных умельцаў, якія прадастаўлялі свае вырабы: вопратку, ручнікі, абрусы, сурвэткі, фіранкі і інш. Брыгады вышывальшчыц былі арганізаваны ў вёсках Бабруйскага раёна, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Спачатку ўся прадукцыя арцелі аздаблялася ручной вышыўкай. У 1938 г. на прадпрыемстве пачалі выкарыстоўваць машыны. У час Вялікай Айчыннай вайны ўся гаспадарка арцелі была знішчана, а будынак прадпрыемства цалкам разбураны.
У кастрычніку 1960 г. рашэннем Міністэрства мясцовай прамысловасці арцель «8 Сакавіка» была перайменавана ў Бабруйскую фабрыку мастацкіх вырабаў. Прадпрыемства размяшчалася ў двух будынках, мела 570 супрацоўнікаў. Мастацкія вырабы фабрыкі дэманстраваліся на міжнародных выстаўках у Германіі, Японіі, Канадзе і інш.
У 1965 г. на прадпрыемстве пачалося асваенне тэхнікі карункапляцення кручком. У 1974 г. пачаў працаваць участак па вырабе сувенірнай прадукцыі з дрэва, упрыгожанай разьбой і роспісам (кухонныя наборы, пано, сувенірныя лялькі і інш.).
У студзені 1981 г. на базе фабрыкі мастацкіх вырабаў і цэха Бабруйскай галантарэйнай фабрыкі створана Бабруйскае аб’яднанне мастацкіх вырабаў. У гэтым жа годзе на фабрыцы пачаўся выпуск вырабаў з ільновалакна ў тэхніцы «макрамэ» (пано, шторы, сувеніры). У 1987 г. аб’яднанне было скасавана, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў стала самастойнай арганізацыяй. З 1993 г. у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь фабрыка мастацкіх вырабаў уключана ў склад Дзяржаўнага канцэрна «Белмастацпромыслы».
З 2001 г. прадпрыемства выпускае штандары і сцягі з дзяржаўнай сімволікай для ўрадавых і дзяржаўных устаноў, сцягі для арганізацый і ўстаноў з іх уласнай сімволікай, гістарычныя сцягі. З 2007 г. фабрыка займаецца вытворчасцю шырокага асартыменту вырабаў з металу.
Сёння Бабруйская фабрыка з’яўляецца спецыялізаваным прадпрыемствам па выпуску швейных і вышытых вырабаў, сувеніраў з саломкі і дрэва, вырабаў мастацкага кавання, мэблі і інш. Саламяныя вырабы – гэта не толькі сувеніры, прызначаныя для ўпрыгожвання інтэр’ераў (кветкі, падарункавыя кошыкі, вазы, інкруставаныя пано), але і побытавыя рэчы (капелюшы, сумкі, чахлы для мабільных тэлефонаў і інш.). Прадпрыемства вырабляе калекцыі адзення з ільняных тканін: сцэнічных касцюмаў, сукенак, кашуль, галаўных убораў, паясоў і інш. Фабрыка мае вопыт па вытворчасці рабочай і спецыяльнай вопраткі для прадпрыемстваў прамысловасці: камбінезонаў і паўкамбінезонаў, рабочых касцюмаў.
Асноўнай задачай прадпрыемства з’яўляецца адраджэнне, захаванне і развіццё народных мастацкіх промыслаў, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, забеспячэнне патрэб насельніцтва ў вырабах традыцыйных промыслаў і рамёстваў, сувенірнай прадукцыі, высакаякасных таварах народнага спажывання.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.