Кароткая даведка:
адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе холдынга "Мясамалпрам"
Назвы на іншых мовах:
Minsk Meat Plant (англійская); Минский мясокомбинат (руская);
Папярэднія назвы:
Мінскі мясаперапрацоўчы завод
2737 сімвалаў
Даведка
Гісторыя Мінскага мясакамбіната пачалася ў 1922 г. са стварэння цэнтралізаванай халадабойні. У пачатку 1930-х гг. з мэтай задаволення патрэб насельніцтва ў каўбасных вырабах у Мінску пачалося будаўніцтва каўбаснага завода. У сярэдзіне 1930-х гг. у выніку аб'яднання завода і бойні з'явілася новае прадпрыемства: Мінскі мясакамбінат магутнасць якога ў той час складала 10 т мяса і 8 т каўбасы за змену. У час Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства моцна пацярпела ад бамбардзіровак і абстрэлаў, дзейнасці акупацыйных улад. Аднаўленне дзейнасці мясакамбіната пачалося адразу пасля вызвалення Мінска. Праз 2 гады на прадпрыемстве працавала каля 450 супрацоўнікаў, якія займаліся вырабам каўбас і паўфабрыкатаў. У 1956–1960 гг. на прадпрыемстве з’явіліся новыя вытворчыя плошчы: мясатлушчавы, каўбасны і птушкаперапрацоўчы цэхі. Укараненне новай тэхнікі і ажыццяўленне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў дазволіла павялічыць вытворчыя магутнасці мясатлушчавага цэха з 50 да 86 тон, каўбаснага – з 18 да 20 тон, птушкаперапрацоўчага з 10 да 14 тон гатовай прадукцыі за змену. У 1994 г. быў пабудаваны цэх па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў магутнасцю 99 тон прадукцыі за змену, кампрэсарны цэх, кацельня, цэнтральны цеплавы пункт і адміністрацыйны корпус. У чэрвені 1966 г. калектыў прадпрыемства быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1995 г. пачалося будаўніцтва санітарнай бойні, лакальных ачышчальных збудаванняў вытворчых і дажджавых сцёкаў, сховішча для гародніны.
У 2013 г. камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскі мясакамбінат» было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі мясакамбінат». Мінскі мясаперапрацоўчы камбінат – сучаснае прадпрыемства, чые вытворчыя магутнасці забяспечаны сучасным абсталяваннем, а кожны супрацоўнік з’яўляецца прафесіяналам. ААТ «Мінскі мясакамбінат» прытрымліваецца міжнародных стандартаў у вытворчасці прадукцыі, выкарыстоўвае прагрэсіўныя метады ўпакоўкі мясапрадуктаў, што дае магчымасць павялічыць тэрміны іх захоўвання з захаваннем спажывецкіх якасцей без прымянення кансервантаў. Шырокамаштабная мадэрнізацыя, сучаснае абсталяванне, выкарыстанне прагрэсіўных тэхналогій дае магчымасць вырабляць прадукцыю еўрапейскага ўзроўню і асвойваць прынцыпова новыя віды прадуктаў. Вараныя, варана-вэнджаныя, паўвэнджаныя, сыравэнджаныя і сыравяленыя каўбасы, сасіскі, сардэлькі, вяндліны, далікатэсныя прадукты з ялавічыны і свініны, больш за 200 найменняў мясных паўфабрыкатаў Мінскага мясакамбіната прадаюцца пад гандлёвай маркай «Мясная дзяржава».
Прадукцыя ААТ «Мінскі мясакамбінат» штогод атрымлівае ўзнагароды беларускіх і міжнародных конкурсаў, экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю, Узбекістан, Казахстан, Грузію, Арменію, Кіргізію.