Адной з першых друкаваных кніг свецкага характару, выдадзеных у Беларусі, быў невялічкі ананімны твор пад назвай “Размова паляка з літвінам пра тое, што ёсць права, вольнасць, або свабода, і пра унію кароны Польскай з княствам Літоўскім”.
Твор быў надрукаваны на польскай мове і ўяўляў сабой палеміку з працай “Квінкункс” (“Quincunx”, 1564) вядомага польскага грамадска-палітычнага і рэлігійнага дзеяча Станіслава Ажахоўскага. Год, аўтар і месца выдання пазначаны не былі, аднак у даследчыкаў існуе некалькі падыходаў пры вызначэнні гэтых звестак. Ёсць меркаванне, што ініцыятарамі стварэння твора былі Радзівілы. Сярод кандыдатаў на аўтарства – вядомы прадстаўнік грамадска-палітычнай і рэлігійна-філасофскай думкі Вялікага Княства Літоўскага Андрэй Волан і віленскі войт, актыўны дзеяч контррэфармацыйнага руху Аўгустын Ратундус. Няма адзінства сярод навукоўцаў і наконт даты выдання: яно датуецца перыядам паміж 1564 і 1566 гг. Наконт месца выдання большасць даследчыкаў прытрымліваецца думкі, што гэта была Берасцейская друкарня Радзівілаў.
“Размова паляка з літвінам” пабудавана ў форме дыялогу. Гутарка вядзецца паміж Палякам, які прытрымліваецца поглядаў С. Ажахоўскага, і Літвінам, з якім атаясамляецца аўтар. Тэкст структурна падзяляецца на дзве размовы-гутаркі, памiж якімі змешчаны верш “Да палякаў і літвінаў”, падпісаны ініцыяламі А. В. (паводле меркаванняў даследчыкаў – А. Волан).
У сваёй працы аўтар твора даволі шырока апіраўся не на рэлігійныя крыніцы, а на факты і прыклады з гісторыі антычных дзяржаў, краін Заходняй Еўропы, а таксама Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Твор вызначаўся патрыятычнасцю і выкрываў захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар крытыкаваў погляды рэакцыйных польскіх шляхецкіх ідэолагаў на чалавечую асобу, дзяржаву і грамадства. Выступаў супраць “шляхецкай распуты”, гвалту, самавольства феадалаў, абараняў гуманістычныя ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваў гістарычныя здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даваў цікавыя звесткі з гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага.
“Размова паляка з літвінам” – каштоўны помнік сацыялагічнай і палітычнай думкі Беларусі XVI ст., яе гісторыі і культуры наогул. У 1890 г. тэкст “Размовы” быў перавыдадзены ў Кракаве польскім гісторыкам Юзэфам Кажанёўскім.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.