Дата пачатку:
23.02.1999 Калінкавіцкі і Мазырскі раёны, Гомельская вобласць
Кароткая даведка:
рэспубліканскі заказнік
Назвы на іншых мовах:
Стрельский (руская);
1305 сімвалаў
Даведка
Ландшафтны (з 2020 г. рэспубліканскі) заказнік “Стрэльскі” быў створаны ў Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці ў 1999 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане ўнікальных тэрыторый, дзе прадстаўлены амаль усе ландшафтныя комплексы Беларускага Палесся.
Ахоўныя ўгоддзі плошчай больш за 12 тыс. га размешчаны ў ніжнім цячэнні р. Прыпяць і ўключаюць поймы з лугамі і дубровамі, надпоймавыя тэрасы, шматлікія старыцы. У раслінным покрыве пераважаюць хваёвыя лясы, шмат дуброў, сустракаюцца чорнаалешнікі і крапіўныя ясеннікі. У пойме ракі пашыраны злакавыя і астэпаваныя лугі. Флора налічвае больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх венерын чаравічак сапраўдны, кураслеп лясны, воўчнік баравы, дрок германскі, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, шпажнік чарапіцавы, сальвінія плывучая ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод рэдкіх прадстаўнікоў фаўны тут сустракаюцца вусач, сцерлядзь, балотная чарапаха, чаротная рапуха, малая паганка, каршачок, шулёнак, звычайная пустальга, кулік-сарока, вялікі ўліт, садовая і арэшнікавая соні, барсук, малая вячэрніца і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў праводзяцца экскурсіі, пракладзены пешыя і веласіпедныя маршруты, абсталявана экалагічная сцежка.