Адкрытае акцыянернае таварыства “Рэчыцадрэў” – дрэваперапрацоўчае прадпрыемства поўнага цыкла са шматгадовай гісторыяй. Яго папярэднікамі з’яўляліся невялікія прыватныя лесапільныя мануфактуры, што дзейнічалі ў Рэчыцы яшчэ з канца ХІХ ст. Згодна з архіўнымі дакументамі, у 1904 г. мясцовым прадпрымальнікам М. Каганам у мястэчку ўзведзены лесапільны завод, які пазней пераабсталяваны ў фанерны. На ім вялася таксама распілоўка драўніны, меліся паравы рухавік, лушчыльны варштат і клеільны цэх. У 1908 г. побач з ім запрацавала запалкавая фабрыка С. Цімафеева “Днепр”, якая выпускала па 64 тыс. пачак запалак штогод. У гады палітычных перамен і ваенных дзеянняў першай чвэрці ХХ ст. іх абсталяванне некалькі разоў эвакуіравалі. Пасля аднаўлення працы яны былі нацыяналізаваны (1918).
У наступныя гады вялося будаўніцтва новых карпусоў, усталяваны мадэрнізаваныя машыны і механічныя прэсы для фанеры. Стаў дзейнічаць чатырохрамны лесапільны завод. У 1928 г. пачала вытворчасць новая запалкавая фабрыка “Х Кастрычнік”, якая выпускала 1 млн пачак запалак у год і паступова замяніла сваю папярэдніцу. Вядома, што ў міжваенны перыяд акрамя яе, фанернага завода №19 і лесапільнага завода імя С. М. Кірава тут мелася таксама некалькі арцелей па вырабе мэблі, саней, калёс, бочак, кошыкаў, якія разам дзейнічалі як адзінае прадпрыемства.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсё абсталяванне ў тэрміновым парадку эвакуіравана. Аднаўленне працы пачалося ў 1944 г. На базе мэблевай фабрыкі, заводаў мінеральнай ваты, лесапільнага і фанернага, цэхаў дубовага паркету і дрэваперапрацоўчага арганізаваны Рэчыцкі домабудаўнічы камбінат. Асноўнай яго прадукцыяй з’яўляліся лёгкія ў зборцы шчытавыя дамы. У 1951 г. прадпрыемства рэарганізавана ў мэблевы, у 1959 г. – у мэблева-фанерны камбінат. Былі ўдасканалены тэхналагічныя працэсы, пачалі дзейнічаць сушыльная гаспадарка, цэхі сінтэтычных смол, раскроечна-загатовачны і струганай фанеры, асвоены выраб гнутаклееных дэталей, сталярных і драўняна-стружкавых пліт, корпуснай і разборнай мэблі, дзіцячых цацак. Да камбіната ў 1963 г. далучылі Рэчыцую, у 1970 г. – Васілевіцкую мэблевыя фабрыкі. У сувязі з пашырэннем вытворчасці, удасканальваннем і абнаўленнем асартыменту прадукцыі, камбінат у 1970 г. пераўтвораны ў Рэчыцкае вытворчае дрэваперапрацоўчае аб’яднанне “Рэчыцадрэў”.
Ва ўмовах рыначнай эканомікі прадпрыемства паступова губляла рынкі збыту і рэнтабельнасць, частка цэхаў закрылася. У 2006 г. аб’яднанне ўвайшло ў канцэрн “Белляспаперапрам”, у 2008 г. пачалася яго карэнная мадэрнізацыя найноўшым абсталяваннем з аўтаматызаванымі працоўнымі месцамі. У цяперашні час у яго склад уваходзяць заводы па вытворчасці фанеры, драўняна-стружкавых пліт і сінтэтычных смол, цэх ламінаваных пліт, мэблевая фабрыка, ляспрамгас, кацельня і дапаможныя цэхі. Спецыялізацыяй з’яўляецца нарыхтоўка круглых лесаматэрыялаў, выраб піламатэрыялаў, лушчанага і струганага шпону, драўняна-стружкавых і ламінаваных пліт, клеенай фанеры, офіснай і бытавой мэблі, паліўных брыкетаў. ААТ “Рэчыцадрэў” – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выставак, яго прадукцыя прызнана “Прадуктам года” (2022), неаднаразова ўзнагароджвалася прэміяй “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.