Населены пункт з’яўляецца цэнтрам сельсавета, знаходзіцца за 22 км на паўночны ўсход ад Лельчыцаў і 45 км ад чыгуначнай станцыі Ельск, на аўтадарозе Лельчыцы – Мазыр.
Наконт паходжання назвы Буйнавічы існуюць некалькі версій. Згодна з адной, яна звязана з тым фактам, што гэты населены пункт быў значна большым за іншыя, па другім меркаванні, назва ўтворана ад імя ўладальніка Буйновіча.
Гэта мясцовасць была заселена з даўніх часоў, аб чым сведчыць наяўнасць каля вёскі вялікай колькасці курганоў. Першая пісьмовая ўзгадка Буйнавічаў датавана 1551 г., на той момант яны былі казённай уласнасцю. На 1622 г. Буйнавічы – сяло Уборцкай воласці Мазырскага павета Мінскага ваяводства. У гэтым жа годзе ўпершыню ўпамінаецца царква. У 1761 г. у выніку пажара царква згарэла. На 1763 г. Буйнавічы – маёнтак Уборць Мазырскага павета Віленскага ваяводства, у якім налічвалася 250 сялян-мужчын, 80 дымоў.
У 1774 г. на сродкі прыхаджан пабудавана новая царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У 1793 г. у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Буйнавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі і сталі цэнтрам воласці Мазырскага павета Мінскай губерні (з 1795 г. Мінскага намесніцтва). У 1795 г. у Буйнавічах налічвалася 606 чалавек, было 70 двароў. На 1800 г. уладальнікам населенага пункта быў граф Якаў Сіверс. Меўся млын. Да 1802 г. царква лічылася ўніяцкай, у гэтым жа годзе яе разабралі і праз год пабудавалі новую праваслаўную царкву. У 1808 г. у выніку падзелу Уборцкага маёнтка Буйнавічы набыў надворны дарадца – памешчык Міхаіл Дабрынскі. З 1837 г. тут пачалі ладзіць трохдзённыя кірмашы. На 1850 г. Буйнавічы – цэнтр аднайменнага маёнтку. У 1864 г. узведзены школьны будынак, пачало працаваць народнае вучылішча. З 1874 г. уладальнікам населенага пункта стаў памешчык Мітрафан Болатаў. З 1870-х гадоў Буйнавічы сталі цэнтрам воласці. Згодна з 1-м Усерасійскім перапісам насельніцтва 1897 г. у Буйнавічах налічвалася 825 жыхароў, было 102 двары, працавалі валасное праўленне, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом і 2 лаўкі, праводзіўся штогадовы кірмаш.
У пачатку ХХ ст., акрамя земляробства, мясцовыя жыхары займаліся таксама ганчарным промыслам, вырабам колаў, абадоў, саней і бочак. Сярод будынкаў мелася паштовае аддзяленне. У 1911 г. уладальнікам маёнтка была памешчыца Ізабела Маркварт. У 1918 г. у сяле быў створаны сельсавет.
На 1 студзеня 1919 г. Буйнавічы знаходзіліся ў складзе ССРБ. У тым жа годзе населены пункт быў заняты польскімі войскамі. У барацьбе за вызваленне ў 1920 г. загінулі 3 чырвонаармейцы, якія пазней былі пахаваны ў цэнтры Буйнавічаў (у 1974 г. на іх магіле ўстаноўлена стэла). Летам 1920 г. вёска была вызвалена ад палякаў. З 17 ліпеня 1924 г. Буйнавічы – цэнтр аднайменнага сельсавета Лельчыцкага раёна Мазырскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г. і з 21 чэрвеня 1935 да 20 лютага 1938 г.). У вёсцы быў фельчарскі пункт, школа, ізба-чытальня. У 1929 г., па іншых звестках, у 1930 г., арганізаваны калгас “Ударнік”, працавалі вятрак, кузня, кравецкая і шавецкая майстэрні. У 1938 г. была ўтворана МТС. З 20 лютага 1938 г. вёска знаходзілася ў складзе Палескай вобласці. На 1939 г. у Буйнавічах мелася даволі развітая інфаструктура: радзільны дом, яслі, сярэдняя школа, медпункт, Дом культуры, аптэка, пошта, лазня, дзейнічалі электрастанцыя, МТС і гараж, сталярныя майстэрні, цагляны завод. У 1940 г. у вёсцы налічвалася 1357 жыхароў і было 420 двароў.
Летам 1941 г. Буйнавічы былі акупіраваны. Першымі ахвярамі генацыду сталі мясцовыя яўрэі. Затым у 1943 г. акупанты спалілі 418 двароў і забілі 58 чалавек. У лістападзе 1942 г. партызаны Лельчыцкай партызанскай брыгады разам са злучэннем украінскіх партызан пад кіраўніцтвам Героя Савецкага Саюза Сідара Каўпака разграмілі апорны пункт фашыстаў. Вёска Буйнавічы была вызвалена 23 студзеня 1944 г. У вёсцы ёсць 2 брацкія магілы: з пахаванымі 84 воінамі (у 1956 г. на ёй усталяваны помнік), і магіла 34 воінаў (помнік пастаўлены ў 1963 г.).
З 8 студзеня 1954 г. і да цяперашняга часу вёска Буйнавічы ў складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. налічвалася 1525 жыхароў. Населены пункт з’яўляецца цэнтрам саўгаса “Буйнавічы”. У 1965 г. царква была спалена атэістамі. У 1996 г. узведзена новая царква з цэглы. У 2002 г. побач з храмам пабудавана званіца. У 2005 г. Буйнавічы сталі аграгарадком. У населеным пунце дзейнічаюць сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза М. П. Сыдзько, бібліятэка, школа-інтэрнат, Дом культуры, аддзяленне сувязі, амбулаторыя, магазін, праваслаўная царква і сельсавет. У верасні 2024 г. у аграгарадку прайшло свята ўраджаю, у 2025 г. – Дажынкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.