Дата пачатку: 1897 Гомель, г.
Кароткая даведка: адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе холдынга "Мінск Крышталь Груп"
Назвы на іншых мовах: Gomel Distillery "Radamir" (англійская); Гомельский ликеро-водочный завод "Радамир" (руская);
Папярэднія назвы: Гомельскі спіртарэктыфікацыйны завод; Навабеліцкі вінны склад
Гісторыя РУП «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» пачыналася ў 1897 г. калі на базе былога «казённага віннага склада» быў заснаваны Навабеліцкі спіртзавод. Ён быў пабудаваны на дзяржаўныя сродкі і знаходзіўся ў распараджэнні былога акцызнага ўпраўлення. Прадпрыемства мела два самастойныя аддзяленні: вінакурны і рэктыфікацыйны заводы, якія размяшчаліся ў асобных будынках. Рэктыфікацыйны завод належаў Бэр Шмаеў Гурэвічу, які пасля нацыяналізацыі прадпрыемства стаў яго кіраўніком.
Першая сусветная вайна і рэвалюцыйныя падзеі прывялі да росту Новай Беліцы. Гэта прадмесце Гомеля ў 1914–1917 гг. апынулася ў тыле, таму ў Гомель прыбыло шмат бежанцаў з заходніх раёнаў Беларусі. Некаторыя з іх былі вопытнымі спецыялістамі і сталі працаваць на Навабеліцкім спіртзаводзе. 1 сакавіка 1918 г. у Гомель увайшлі германскія войскі, і прадпрыемства спыніла вытворчасць. У 1920 г. Навабеліцкі спіртзавод стаў рэктыфікацыйным і увайшоў у падпарадкаванне Беларускага раённага ўпраўлення Усесаюзнага аб'яднання спіртавой прамысловасці. З канца 1922 г. прадпрыемствам кіраваў Палескі спірттрэст. Завод, дзе працавала 27 чалавек, узначаліў Стахій Тарасавіч Антонаў. Увосень 1922 г. узніклі праблемы з рэалізацыяй прадукцыі, якія падштурхнулі кіраўніцтва да стварэння пры рэктыфікацыйным заводзе тэхнахімічнай лабараторыі. У гэтай лабараторыі вырабляліся адэкалоны і духі розных гатункаў, вежэталь (ласьён), хвойныя і сасновыя воды, зубныя эліксіры, а таксама палітура, лакі. 80% прадукцыі адыходзіла на прыватны рынак. 19 верасня 1924 г. на пасяджэнні Губернскай эканамічнай нарады (Губэкана) было вырашана лабараторыю пераўтварыць у лакавы завод. Навабеліцкі лакавы завод дзейнічаў з сакавіка 1925 г. да 1 чэрвеня 1927 г.
У чэрвені 1925 г. Навабеліцкі рэктыфікацыйны завод стаў спіртагарэлачным. У гэты час калектыў прадпрыемства складаўся з 82-х рабочых, 34-х служачых і шасці чалавек малодшага персаналу. У кастрычніку 1925 г. завод узначаліў Меер Мордухавіч Шухатовіч. У сувязі з павышэннем цаны на спірт і нізкім попытам на яго, было праведзена скарачэнне вытворчасці і колькасці працаўнікоў, разглядалася пытанне аб закрыцці завода. У 1927 г. на Навабеліцкім спіртагарэлачным заводзе была створана камісія па садзейнічанні працоўнаму вынаходніцтву і ўдасканаленням. Найбольш удалыя рацпрапановы працаўнікоў былі ўкаранёны. У 1928 г. у склад спіртагарэлачнага завода ўваходзілі спіртагарэлачнае і рэктыфікацыйнае аддзяленні, Мазырскі закансерваваны спіртзавод і 60 крам. Вытворчая праграма на 1930–1931 гг. прадугледжвала ўстаноўку дадатковага абсталявання для разліву віна, будаўніцтва вузкакалейнай чыгункі для падвозу паліва, пабудову новага абісінскага калодзежа, капітальны рамонт дахаў, замену драўляных бэлек таўровымі над чанамі для спіртоў, замашчэнне двара, устаноўку новай агароджы. У 1927–1930 гг. на прадпрыемстве змянілася пяць кіраўнікоў.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Навабеліцкі гарэлачны завод развіваўся па зацверджаных пяцігадовых планах. Прадпрыемства планава ўдзельнічала ў фінансавым забеспячэнні грандыёзных перадваенных пераўтварэнняў у прамысловай і сельскай гаспадарцы краіны шляхам папаўнення даходнай часткі бюджэту. Гатункі гарэлкі вырабляліся па зацверджаных і адзіных для ўсяго СССР рэцэптурах і разліваліся ў стэрэатыпныя шкляныя бутэлькі.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны прамысловасць горада пачала вытворчасць ваеннай прадукцыі. На Навабеліцкім гарэлачным заводзе разлівалі так званыя «кактэйлі Молатава». Многія гітлераўскія танкі на подступах да Гомеля былі спалены менавіта з дапамогай гэтай прадукцыі завода. Акупацыя Гомеля, якая пачалася ў ноч на 20 жніўня 1941 г. і завяршылася вызваленнем горада 26 лістапада 1943 г., прыпыніла гісторыю лікёра-гарэлачнага завода. Работнікі прадпрыемства абаранялі Радзіму ў часцях Чырвонай арміі, вялі падпольную барацьбу супраць фашысцкіх акупантаў. Бамбёжкі і абстрэлы Гомеля прывялі да разбурэння вытворчых цэхаў і абсталявання завода. Праца па яго аднаўленні пачалася ў сакавіку 1944 г. Нягледзячы на адсутнасць кваліфікаваных кадраў, недахоп матэрыялаў і абсталявання, электраэнергіі і пары, праблемы з водазабеспячэннем, аднаўленне прадпрыемства ішло высокімі тэмпамі. Да канца 1945 г. завод павялічыў выпуск і палепшыў якасць прадукцыі, а 30 лістапада 1946 г. выканаў гадавую норму.
У пачатку 1960-х гг. на Навабеліцкім лікёра-гарэлачным заводзе пачала дзейнічаць аўтаматызаваная лінія па разліве рафінаванага алею. У 1964 г. прадпрыемства змяніла назву на Гомельскі лікёра-гарэлачны завод і ўвайшло ў склад вінна-гарэлачнага вытворчага аб'яднання «Крышталь» Міністэрства харчовай прамысловасці БССР.
У 1970–1980 гг. завод дасягнуў найбольшага ўздыму і прамысловага росквіту вытворчасці. Магутнае і сучаснае абсталяванне забяспечыла вытворчасць прадукцыі 50 найменняў. Настойкі «Белавежская» і «Зуброўка», бальзам «Беларускі», гарэлкі «Сталічная», «Пшанічная», «Руская», лікёры «Папараць-кветка» і «Бенедыктын», розныя наліўкі і дэсертныя напоі адпраўляліся ва ўсе рэспублікі СССР. У 1978–1985 гг. завод узначальвала Раіса Міхайлаўна Джалаганія. Яна стала першай у рэспубліцы жанчынай-кіраўніком прадпрыемства па вытворчасці алкагольнай прадукцыі.
У 1987 г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй завод змяніў профіль і стаў Гомельскім заводам безалкагольных напояў. Тры гады на прадпрыемстве выпускалі сіропы, 26 найменняў газіраваных напояў і мінеральную ваду «Крынічка». Пасля завяршэння антыалкагольнай кампаніі Гомельскі лікёра-гарэлачны завод вярнуўся да выпуску сваёй звычайнай прадукцыі. Непрадуманая палітыка адкінула прадпрыемства на 10 гадоў назад. Патрабавалася поўная рэканструкцыя і замена абсталявання, вялікія фінансавыя і кадравыя рэсурсы. Да канца 1995 г. была праведзена работа па мадэрнізацыі і паляпшэнні якасці выпускаемай прадукцыі. У пачатку 1996 г. завод выпускаў ужо чатыры віды гарэлкі і дзевяць відаў каляровых настоек. Добрая якасць прадукцыі забяспечвалася натуральнай сыравінай без выкарыстання штучных араматызатараў. У канцы ХХ ст. прадпрыемства ўвайшло ў лік лідараў галіны.
У 2001 г. прадукцыя завода атрымала 5 залатых узнагарод на міжнародным конкурсе дэгустацый лікёра-гарэлачных вырабаў, які праходзіў у рамках выставы «Бістро. Піва. Віно». 1 ліпеня 2002 г. да РУП «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод» быў далучаны РУП «Камбінат харчовых прадуктаў «Палессе». У 2007 г. з'явілася арыгінальная гандлёвая марка «Радамір». У 2010 г. на прадпрыемстве ўстанавілі пяціступеньчатую сістэму водападрыхтоўкі, пачалі прымяняць сярэбранае і плацінавае фільтраванне вады. У гэтым жа годзе была адгружана першая партыя прадукцыі ў Італію і Турцыю, у 2012 г. – на Кубу. У 2015 г. ААТ «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» увайшоў у склад холдынгу «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП». З 2024 г. у складзе ААТ «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» знаходзіцца Мазырскі вытворчы ўчастак.
Сёння завод з’яўляецца сучасным высокатэхналагічным прадпрыемствам, дзе актыўна ўкараняюцца інавацыйныя тэхналогіі і абнаўляецца абсталяванне. Унікальнасць прадукцыі прадпрыемства заключаецца ў спалучэнні сучасных тэхналогій і арыгінальных рэцэптур, заснаваных на старажытных традыцыях. Аб прызнанні брэнда «Radamir» на сусветным узроўні сведчаць больш за 450 міжнародных узнагарод.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
