Дата пачатку:
05.04.2006 Пінск, г., Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
установа адукацыі, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2018, 2021)
Назвы на іншых мовах:
Polessky State University (англійская); Полесский государственный университет (руская);
Папярэднія назвы:
Пінскі дзяржаўны вышэйшы банкаўскі каледж
4751 сімвал
Даведка
Інавацыйна адукацыйным, навуковым і культурным цэнтрам з’яўляецца Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Заснаваны 5 красавіка 2006 г. на аснове рэарганізацыі ўстаноў адукацыі Пінскага дзяржаўнага вышэйшага банкаўскага каледжа Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У 2009 г. Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь зацверджана сімволіка ўніверсітэта: эмблема, сцяг, нагрудны знак аб заканчэнні навучальнай установы. Створаны гімн, які гучыць пры правядзенні ўрачыстых лінеек, спартыўных спаборніцтваў і іншых мерапрыемстваў. Падрыхтоўка праводзіцца на дзённай і завочнай форме на 16 кафедрах пяці факультэтаў: эканамічнага, банкаўскай справы, арганізацыі здаровага ладу жыцця, біятэхналагічнага, дадатковай адукацыі. Функцыянуюць навукова-даследчыя лабараторыі. Актыўна вядзе сваю работу студэнцкае навуковае таварыства, члены якога з’яўляюцца асноўным рэзервам навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі ўніверсітэта. У рамках сумесных адукацыйных, культурных, навуковых праграм і праектаў ажыццяўляецца міжнароднае супрацоўніцтва ўніверсітэта. Традыцыяй стала правядзенне міжнародных навукова-практычных канферэнцый: «Навуковы патэнцыял моладзі – будучыні Беларусі», «Банкаўская сістэма: устойлівасць і перспектывы развіцця», «Устойлівае развіццё эканомікі: стан, праблемы, перспектывы», «Здароўе для ўсіх». Матэрыяльна-тэхнічная і вучэбная базы дазваляюць на належным узроўні ажыццяўляць навучальны працэс. Ёсць усе неабходныя, спецыяльныя лабараторыі і кабінеты, якія аснашчаны сучасным абсталяваннем, камп’ютарнымі лакальнымі сеткамі, аўдыявізуальнымі і неабходнымі тэхнічнымі сродкамі навучання, што дазваляе больш паглыблена вывучаць выкладаемыя дысцыпліны. Універсітэт мае бібліятэку. Яна забяспечвае інфармацыяй навуковую і адукацыйную дзейнасць, арганізуе доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў сусветных вытворцаў, а таксама з’яўляецца цэнтрам распаўсюджвання ведаў, духоўных і інтэлектуальных зносін, культуры. Функцыянуе служба электроннай дастаўкі дакументаў і віртуальная даведачная служба. Карыстальнікі абслугоўваюцца ў аўтаматызаваным рэжыме. Створаны рэпазіторый універсітэта, у якім размешчаны вучэбна-метадычныя дапаможнікі, практыкумы, навуковыя публікацыі, матэрыялы канферэнцый, прэзентацыі, артыкулы з перыядычных выданняў. Карыстальнікі забяспечаны доступам у Інтэрнэт. Бібліятэка супрацоўнічае з найбуйнейшымі інфармацыйнымі цэнтрамі Беларусі. Універсітэт ажыццяўляе выпуск часопісаў «Здоровье для всех», «Экономика и банки», «Вестник Полесского государственного университета. Серия общественных и гуманитарных наук», «Вестник Полесского государственного университета. Серия природоведческих наук».
Студэнты маюць магчымасць займацца грамадскай, культурнай і спартыўна-масавай дзейнасцю. Для гэтага ёсць дзве актавыя залы, культурна-забаўляльны цэнтр, спартыўны комплекс з лядовай арэнай, стадыёнам са штучным пакрыццём, бегавымі лёгкаатлетычнымі дарожкамі, басейнамі, універсальнай спартыўнай залай, вяслярнай базай, адкрытымі камбінаванымі гульнявымі пляцоўкамі для тэніса, валейбола і баскетбола, лыжаролернай трасай, трыма трэнажорнымі заламі. Вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў карыстаюцца традыцыйныя ўніверсітэцкія імпрэзы, такія як фестывалі творчасці студэнтаў-першакурснікаў «Дэбют», конкурс «Каралева Вясна», Дні факультэтаў, культурна-забаўляльнае мерапрыемства «Палескі баль», танцавальна-забаўляльныя праграмы, віктарыны і інш. Рэгулярна праводзяцца тэматычныя вечары, танцавальныя праграмы, канцэрты калектываў мастацкай самадзейнасці ўніверсітэта і горада, арганізуюцца выстаўкі, семінары, трэнінгі і г. д. Ва ўніверсітэце працуюць творчыя калектывы і клубныя аб’яднанні. Сярод іх асаблівай папулярнасцю карыстаюцца народная студыя эстраднай песні «Звуки времени», народны ансамбль эстраднага танца «Альянс», народны клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры «Солимар» і інш. Калектывы прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і іншых узроўняў. Важнае месца ў грамадзянскім і патрыятычным выхаванні моладзі адыгрывае музейны комплекс універсітэта, экспазіцыі якога прадстаўляюць больш за 4000 экспанатаў, што адлюстроўваюць этапы развіцця навучальнай установы, банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь, культуры і побыту Палесся і інш. Для аздараўлення студэнтаў у структуры вучэбна-медыцынскага цэнтра працуе студэнцкі санаторый-прафілакторый з сучасным фізіятэрапеўтычным абсталяваннем, дзе праводзіцца маніторынг і карэкцыя стану здароўя высокакваліфікаваным медыцынскім персаналам. Сёння Палескі дзяржаўны ўніверсітэт – вядучая навучальная ўстанова на Палессі, якая адпавядае самым высокім міжнародным стандартам.