Адкрытае акцыянернае таварыства"Белхім" пачало сваю гісторыю ў 1944 г. калі была створана Мінская кантора Галоўхімзбыту. У далейшым прадпрыемства называлася Беларуская рэспубліканская кантора Галоўхімзбыту, Беларуская кантора па забеспячэнні і збыту хімічнай прадукцыі і інш. У 1970 г. у Фаніпалі (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) была ўведзена ў эксплуатацыю Беларуская рэспубліканская база прадпрыемства, у 1986 г. – цэх па разліве маслатлушчавай прадукцыі ў аграгарадку Калодзішчы (Мінскі раён). У 1988 г. прадпрыемства пераўтворана ў Беларускае аб’яднанне аптовага гандлю хімічнай прадукцыяй, у 1990 г. – у Беларускую рэспубліканскую аптова-пасрэдніцкую фірму “Белхім”, з 1994 г. – адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе холдынга “Белрэсурсы”. У 2022 г. да прадпрыемства далучаны ААТ “Белпрамтара” і ААТ “Белрэахім”.
У цяперашні час ААТ “Белхім” – шматпрофільнае прадпрыемства, буйнейшая аптовая арганізацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Як гандлёва-лагістычны цэнтр, “Белхім” забяспечвае захаванне, перапрацоўку, транспарціроўку і фасоўку аптовых партый прадукцыі вытворча-тэхнічнага і харчовага прызначэння. Прадпрыемства прапануе шырокі асартымент хімічнай, харчовай і палімернай прадукцыі: хларыд кальцыя, сульфат натрыя, разнастайныя кіслоты і растваральнікі, лакафарбавую прадукцыю, палімерныя матэрыялы, спірт, маргарын, кандытарскі тлушч, крухмал, жэлацін, сланечнікавы алей і інш. У 2020 г. “Белхім” асвоіў выпуск высокатэхналагічнай стрэтч плёнкі для ручной і машыннай упакоўкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.