Дата пачатку:
пачатак ХІХ ст. Грудзінаўка, аг., Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры позняга класіцызму, батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Грудзінаўскі палац і парк
Назвы на іншых мовах:
Грудиновский дворцово-парковый ансамбль (руская); Грудиновский парк (руская);
2793 сімвалы
Даведка
Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль размешчаны ў аграгарадку Грудзiнаўка на паўночным усходе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Гісторыя гэтай мясцовасці вельмі багатая. Паселішча на пакацiстым грудзе сярод лясоў i балот узнiкла ў далёкай старажытнасці. Мясцовыя жыхары выпальвалi i карчавалi лес, а на яго месцы стваралi палi і лугi. З гістарычных крыніц вядома, што Грудзінаўкай доўгі час валодалі Хадкевічы і Сапегі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай яна апынулася ў межах Расійскай імперыі і ў далейшым перайшла ва ўласнасць да магілёўскага губернатара, графа Д. А. Талстога. У пачатку ХІХ ст. новы ўладальнік абаснаваўся тут і паступова ператварыў Грудзінаўку ў квітнеючую фамільную сядзібу.
Цэнтрам кампазіцыі з’яўляўся палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка. Ён уяўляў сабой мураваны двухпавярховы квадратны ў плане будынак, накрыты 4-схільным дахам і ўвянчаны сферычным купалам. Галоўны фасад вылучаўся паўцыркульнай верандай з 6 калонамі дарычнага ордара і вялікім мураваным балконам на другім паверсе. Да асноўнага аб’ёму далучаліся аднапавярховыя крылы, накрытыя вальмавымі дахамі. Фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, дэкарыраваны пілястрамі, сандрыкамі, нішамі, кранштэйнамі. Уваход вылучаны высокім мураваным ганкам. Унутраная планіроўка палаца – калідорная. У цэнтральнай частцы знаходзіўся шырокі вестыбюль з лесвіцай, над ім – парадная зала. Перад палацам размяшчаўся парк пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай часткай плошчай каля 6 га. З заходняга боку ён быў абмежаваны маляўнічым возерам, з паўночнага боку – невялікім гаем. У дэндралагічным складзе пейзажнага парку налічвалася каля 60 відаў раслін: лістоўніца еўрапейская, елка калючая блакітная, дуб звычайны, ліпа крымская, хвоя веймутава, дуб пірамідальны, ясень пенсільванскі, таполя канадская, клён і інш. Меліся сады, дзе раслі яблыні, грушы, абрыкосы, ягадныя хмызнякі, была пасаджана аранжарэя руж і інш. З гаспадарчых справаздач вядома, што ў сядзібе дзейнічалі таксама конны завод, мануфактурная фабрыка, бровар, шклозавод.
У 1917 г. уладанне Талстых было нацыяналізавана. У розныя гады ХХ ст. у будынку палаца размяшчаўся штаб Чырвонай армii, вінакурны завод, нямецкi шпiталь, дзіцячы дом і інш. На прылеглай тэрыторыі пачало ажыццяўляцца будаўніцтва, на партэры i палянах праводзіліся бессiстэмныя пасадкi дрэў, многія рэдкія расліны былі знішчаны. У 1963 г. парк быў прызнаны каштоўным дэндралагічным аб'ектам і аб’яўлены батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. З 1986 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль больш не эксплуатуецца. У цяперашні час ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца ў заняпадзе i патрабуе аднаўлення.