Уладзімір Іосіфавіч Усошын нарадзіўся ў вёсцы Радзіца Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. З ранняга ўзросту працаваў у гаспадарцы бацькоў. У 1929 г. уступіў у сельскагаспадарчую арцель (калгас) «Чырвоны барацьбіт». У пачатку 1930-х гг. Уладзімір Усошын быў прызначаны брыгадзірам і за кароткі тэрмін зарэкамендаваў сябе як умелы і адказны кіраўнік, які мае пэўныя здольнасці да сельскагаспадарчай тэхнікі. У 1935 г. атрымаў накіраванне на курсы трактарыстаў пры Крупскай машынна-трактарнай станцыі (МТС).
Пасля паспяховага заканчэння курсаў вясной наступнага года перайшоў на працу ў гэтую ж арганізацыю і хутка стаў адным з лепшых механізатараў. У 1939 г. за поспехі, дасягнутыя на ўборцы льну, Уладзімір Усошын быў узнагароджаны правам удзельнічаць у першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы (УСГВ) у Маскве.
У чэрвені 1944 г. быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у Мінскай і Віленскай наступальных аперацыях, вызваляў Беларусь, ваяваў на тэрыторыі Літвы. Удзельнічаў у фарсіраванні ракі Нёман і захопе плацдарма ў раёне літоўскага горада Алітус, дзе трапіў у палон. Пасля вызвалення быў дэмабілізаваны і вярнуўся на радзіму.
З восені 1945 г. Уладзімір Усошын працягваў працаваць трактарыстам Ігрушкаўскай МТС. З пачатку 1950-х гг. шырокае развіццё ў Крупскім раёне атрымала льнаводства, і Уладзімір Іосіфавіч праявіў сябе як лепшы льноцерабільшчык Міншчыны.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 студзеня 1958 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, ільну, мяса, малака і іншых прадуктаў сельскай гаспадаркі і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Уладзіміру Іосіфавічу Усошыну было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
З 1954 па 1958 г. Уладзімір Усошын быў пастаянным удзельнікам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР). З ліпеня 1958 г. працаваў механізатарам машынна-меліярацыйнай станцыі (ММС), якая была створана ў выніку рэарганізацыі Ігрушкаўскай МТС. У 1960–1970 гг. працаваў у саўгасах «Халопенічы», «Ігрушкаўскі», «Стараселле». У 1971 г. выйшаў на заслужаны адпачынак.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1958), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1985), медалямі ВДНГ СССР.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».