Дата нараджэння:
10.04.1918 Рэдкавічы, в., Любанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
27.11.1989
Кароткая даведка:
удзельнік партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, работнік сельскай гаспадаркі (кіраўнік трактарнай брыгады), Герой Сацыялістычнай Працы (1951), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Сущеня Григорий Павлович (руская);
2971 сімвал
Даведка
Рыгор Паўлавіч Сушчэня нарадзіўся ў вёсцы Рэдкавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і малазямельных сялян. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю. Працоўную дзейнасць пачаў у мясцовым калгасе “Зара камуны”, затым працаваў на Любанскай машынна-трактарнай станцыі (МТС). У кароткі тэрмін навучыўся асноўным відам палявых работ, стаў адным з лепшых механізатараў.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Сушчэня застаўся на акупіраванай тэрыторыі і актыўна ўключыўся ў барацьбу з захопнікамі. У складзе мясцовай групы супраціўлення збіраў зброю, ладзіў дыверсіі па зрыве паставак сельскагаспадарчай прадукцыі для нямецкай арміі і канфіскацыі маёмасці ў насельніцтва. У канцы чэрвеня 1942 г. падпольшчыкі ўліліся ў партызанскі атрад імя А. Труцікава, які ў снежні таго ж года ўвайшоў у склад партызанскай брыгады імя В.У. Куйбышава.
Пасля вызвалення раёна Р.П. Сушчэня ўзначаліў трактарную брыгаду Любанскай МТС, зонай абслугоўвання якой сталі палі калгаса “Чырвоная змена”. Ужо ў 1948 г. калгас дасягнуў даваеннага ўзроўню па валавым зборы хлеба, значна пашырыў пасяўныя плошчы пад бульбу і тэхнічныя культуры. У пасляваенны час асноўнай спецыялізацыяй гаспадаркі было вызначана вырошчванне каучуканоснага кок-сагызу, які служыў сыравінай для гуматэхнічнай прамысловасці краіны. Гэта расліна добра прыжылася на мясцовых тарфяніках. Ва ўмовах пасляваеннай разрухі Рыгор Сушчэня прыклаў нямала намаганняў, каб адрадзіць да жыцця мясцовыя тарфянікі і аднавіць іх высокую ўраджайнасць. У 1948 г. на ўчастку, які падрыхтавала да сяўбы яго брыгада, быў сабраны рэкордны ўраджай каранёў кок-сагызу.
Багаты ўраджай забяспечыла брыгада Сушчэні ў 1950 г., калі ў “Чырвонай змене” атрымалі па 52 цэнтнеры жыта і па 200 цэнтнераў коранеклубняплодаў з кожнага гектара. Ураджай каранёў кок-сагызу склаў не менш за 60 цэнтнераў на гектар. Выпрацоўка на кожны трактар у брыгадзе склала па 650 гектараў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 ліпеня 1951 г. за атрыманне ў 1950 г. высокіх ураджаяў каранёў кок-сагызу Рыгору Паўлавічу Сушчэні было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Усе наступныя гады сваёй самаадданай працай і добрасумленным стаўленнем да даручанай справы Рыгор Сушчэня пацвярджаў высокае званне Героя, а яго брыгада нязменна дабівалася высокіх вытворчых паказчыкаў у працы. Пасля скасавання МТС у 1958 г. Рыгор Паўлавіч працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады ў родным калгасе “Чырвоная змена”, а з 1962 г. быў звеннявым механізаванага бульбаводчага звяна. Па стане здароўя ў 1966 г. быў пераведзены на пасаду загадчыка майстэрні калгаснага трактарнага парку. У 1968 г. выйшаў на заслужаны адпачынак, але яшчэ доўгія гады не парываў сувязі з гаспадаркай, актыўна займаўся настаўніцтвам, перадаваў моладзі багаты жыццёвы і прафесійны вопыт. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі,Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.