Са шматдзетнай сям’і.
Ранняе дзяцінства правяла ў м. Любонічы, Мінская губ., з 1909 г. – у г. Мінску. Скончыла прыватную прагімназію, 6-ы клас прыватнай гімназіі. Давала прыватныя ўрокі, працавала на дзіцячых пляцоўках. З 1919 г. настаўніца ў розных школах, загадчыца вучэбнай часткі, загадчыца школы ў Мінску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (192?). Сакратар Літаратурнай камісіі (192?–1928), супрацоўнік (1928–1930) яўрэйскага аддзела ІБК. З 1930 г. на бібліяграфічнай працы ў аб’яднаным Беларускім бібліятэчным калектары. Асістэнт (на 01.01.1934), бібліёграф – навуковы супрацоўнік бібліяграфічнага сектара (01.06.–19.10.1934), рэцэнзент “Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня” (1934, № 3–10) Дзяржбібліятэкі БССР. Займалася каталагізацыяй, у т. л. працавала з рэкамендацыйным каталогам яўрэйскай кнігі. У сувязі з пераводам мужа ў канцы 1934 г. выбыла ў г. Растоў-на-Доне. Бібліёграф мастацкай літаратуры бібліяграфічнага сектара Азова-Чарнаморскай краявой дзяржаўнай бібліятэкі імя К. Маркса, г. Растоў-на-Доне (на 1936). Загадчык Кабінета кнігі і аддзела масавай работы з чытачом Расвыдавецтва, г. Растоў-на-Доне (193?–1941). У радах РСЧА з 1941 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Старшы медстатыстык санітарнага эвакуацыйнага шпіталя № 377 (1941–194?). Загадчык бібліятэкі ў прыфрантавой паласе (194?–12.1943). Вярнулася ў Растоў-на-Доне. Загадчык бібліятэкі абласных партыйных курсаў (12.1943–194?). Дырэктар бібліятэчнага калектара Краявога аб’яднанага дзяржаўнага выдавецтва (194?–02.1945). Загадчык сектара ў аддзеле бібліяграфіі Растоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя К. Маркса (02.1945–1963).
Працы: аўтар-складальнік, сускладальнік звыш 25 бібліяграфічных паказальнікаў, біябібліяграфічных даведнікаў, памятак і інш.
Узнагароды: медалі “За абарону Каўказа” (1945?), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (1945).