Нарадзілася на чыгуначнай ст. Іман, зямля Усурыйскага казачага войска, цяпер г. Дальнярэчанск, Прыморскі край. З сям’і сталяра.
Скончыла Чыгуначнае вучылішча, г. Нікольск-Усурыйскі (1921), дзевяцігадовую школу ў г. Чарнігаве (1926), Чарнігаўскі інстытут народнай асветы, комплексны факультэт (1930), спецыяльнасць «педагог спецшкол сляпых, глуханямых», Вячэрні ўніверсітэт марксізму-ленінізму, гістарычнае аддзяленне, г. Мінск (1949), бібліятэчны факультэт МДПІ імя А. М. Горкага, экстэрнам (1952), спецыяльнасць «бібліятэказнаўства».
З 1921 г. сям’я пераехала на Украіну. Педагог школы сляпых, г. Адэса (1930–1931), Вячэрняй школы, г. Бабруйск (1931–1933). Загадчык вытворчага сектара завадскога камітэта завода імя В. М. Молатава, г. Мінск (1933–1934). Інструктар і інспектар па ахове працы Прафсаюза дашкольных устаноў БССР, г. Мінск (1934–1939), кантралёр і інспектар Наркамата Дзяржкантролю БССР (1939–1941). Член ЦК прафсаюза работнікаў дашкольных устаноў СССР, г. Масква (1936/1937–1939). Член Прэзідыума ЦК прафсаюза дашкольных работнікаў БССР, г. Мінск (1936/1937–1939). Член ВКП(б) (з 05.1940).
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з 1941 г. Справавод органаў контрразведкі СМЕРШ Асабовага аддзела НКУС 222-га стралковага палка 49-й стралковай дывізіі, 70-я армія (1942–1943), 922-га стралковага палка 250-й стралковай дывізіі, радавая, малодшы лейтэнант. Была ранена. Праходзіла лячэнне ў Эвакуацыйным шпіталі № 3430, [с. Баган, Навасібірская вобл.] (па 16.07.1943). Дэмабілізавана (1943).
Кантралёр Міністэрства Дзяржкантролю СССР, г. Масква (1943–1944). Загадчык аддзела ЦК прафсаюза пачатковых і СШ, намеснік прадпрыемства – арцелі «Культпрам» (1945–1948), Інспектар аддзела бібліятэк Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР (01.06.1948–04.09.1950). Дэпутат Варашылаўскага выканкама дэпутатаў працоўных г. Мінска (1947–1950).
Загадчык аддзела абанемента (01.09.1944–1945), чытальнай залы тэхнікі і сельскай гаспадаркі (14.09.1950–24.12.1954), чытальнай залы (24.12.1954–01.09.1960) Дзяржбібліятэкі БССР.
Пераведзена на пасаду выкладчыка бібліятэчнага факультэта МДПІ імя А. М. Горкага.
Узнагароды: медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (09.05.1945), «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1945).