6 мая – 260 гадоў з дня нараджэння прыродазнаўца, батаніка, заолага Станіслава Баніфацыя Юндзіла

Значны след у развіцці прыкладной батанікі і інтрадукцыі раслін ва Усходняй Еўропе пакінуў адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі Станіслаў Баніфацый Юндзіл.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў вёсцы Ясянцы Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома. У 1774–1777 гг. вучыўся ў піярскім калегіуме ў Лідзе, у 1779 г. прыняў пострыг у ордэне піяраў у Любяшове (цяпер гарадскі пасёлак у Валынскай вобласці Украіны). У 1781–1784 гг. вывучаў прыродазнаўчыя навукі і тэалогію ў Віленскай акадэміі, дзе асаблівую цікавасць у яго выклікалі лекцыі па гісторыі прыроды вядомага французскага біёлага і ўрача Ж.Э. Жылібера.

Атрымаўшы пасвячэнне ў духоўны сан (1784), наступныя некалькі гадоў Станіслаў Баніфацый настаўнічаў у піярскіх школах у Расенах, Вільні, Шчучыне. У час працы ў шчучынскай школе манах правёў рэформу выкладання, распрацаваў і ўвёў курс батанікі, заклаў батанічны сад і сад лекавых раслін, пачаў ствараць навуковы гербарый мясцовай флоры. З 1790 г. чытаў лекцыі па заалогіі і гісторыі прыроды ў Піярскай калегіі ў Вільні. У 1791 г. Станіслаў Юндзіл напісаў на польскай мове трактат «Апісанне раслін у правінцыі Вялікага Княства Літоўскага, якія растуць у прыродзе». У ім вучоны даў характарыстыку лекавым раслінам Беларусі, Літвы, Польшчы і прывёў звесткі аб іх выкарыстанні. У гэты ж перыяд распрацаваў метад здабычы солі з вады шляхам вымарожвання, які выклаў у працы «Пра салёныя крыніцы і стаклішскую соль» (1792).

У 1792 г. Станіслаў Юндзіл быў прызначаны экстраардынарным прафесарам натуральнай гісторыі ў Галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага і накіраваны за мяжу з мэтай удасканалення ў навуках. У час сваёй паездкі па Еўропе вучоны слухаў лекцыі па хіміі і мінералогіі, знаёміўся з мясцовай флорай, руднікамі, металургічнымі заводамі і інш. Некаторы час жыў у Вене, дзе даваў прыватныя ўрокі па батаніцы і мінералогіі, вывучаў ветэрынарыю, заклаў сад лекавых раслін у Венскай ветэрынарнай школе. У 1797 г. вучоны вярнуўся да выкладчыцкай працы ў Галоўнай школе (з 1803 г. Імператарскі Віленскі ўніверсітэт), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі (1798) і тэалогіі (1800). У 1802 г. атрымаў пасаду прафесара натуральнай гісторыі і батанікі і ўзначаліў кафедру гісторыі прыроды. Адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю Станіслаў Юндзіл ажыццяўляў экспедыцыі, праводзіў даследаванні, займаўся стварэннем батанічнага саду і кабінета гісторыі прыроды пры ўніверсітэце, выконваў абавязкі цэнзара духоўнай літаратуры. Ён аўтар шматлікіх прац па батаніцы, заалогіі, геалогіі, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы. Сярод іх – «Аб здабыванні руды ў розных краінах і яе гадавой эксплуатацыі» (1798), «Прыкладная батаніка, ці звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і даглядзе паводле сістэмы Лінэя» (1799), «Дысертацыя аб саранчы і спосабах яе знішчэння» (1801), «Асновы батанікі» (ч. 1–2, 1804–1805) і «Заалогія» (ч. 1–3, 1807), «Апісанне прадметаў натуральнай гісторыі» (у суаўтарстве, 1820) і інш.

У 1805–1806 гг. Станіслаў Юндзіл удзельнічаў у выданні часопіса «Dziennik Wileński» («Дзённік Віленскі»). Ён з’яўляўся членам Варшаўскага таварыства сяброў навукі, Маскоўскага таварыства натуралістаў, Сельскагаспадарчага таварыства ў Варшаве, Санкт-Пецярбургскага фармацэўтычнага таварыства і інш. У 1824 г. Станіслаў Юндзіл пакінуў працу ва ўніверсітэце. Апошнія гады жыцця друкаваў у перыёдыцы свае лісты і ўспаміны, пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс «Bibliоphobia» («Бібліяфобія»).

Вучоны двойчы быў удастоены адной з вышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай – залатога медаля «Заслужаным». У нашы дні імем даследчыка названы вуліцы ў Гродне і Вільнюсе, а таксама асобныя віды раслін – роза Юндзіла (Rosa jundzilli Bess.) і смалёўка Юндзіла (Silene jundzilli Zap.).