9 мая – 110 гадоў з дня нараджэння паэта, літаратуразнаўца Сцяпана Іванавіча Ліхадзіеўскага

Значны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі. Яго вершы, нарысы, артыкулы адлюстроўвалі найбольш важныя падзеі, што адбываліся ў нашай краіне, пачынаючы з 1920-х гг.

Нарадзіўся Сцяпан Ліхадзіеўскі ў вёсцы Баслаўцы Слуцкага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым у Грозаўскай сямігодцы. У 1926 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Вясной 1928 г. быў прыняты ў літаб’яднанне «Маладняк», пераўтворанае ў лістападзе ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). У 1930 г. Сцяпан Ліхадзіеўскі стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады ён актыўна займаўся творчай і грамадскай працай: з’яўляўся членам камсамольскай ячэйкі пісьменнікаў, удзельнічаў у камандзіроўцы на лінкор «Парыжская камуна», у складзе пісьменніцкіх брыгад выязджаў у гарады і раённыя цэнтры, прымаў удзел у калектывізацыі.

У жніўні 1933 г. Сцяпан Ліхадзіеўскі быў беспадстаўна асуджаны і каля чатырох гадоў працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школах Казахстана. У 1937 г. паступіў на трэці курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педагагічнага інстытута. Некаторы час Ліхадзіеўскі жыў у Томску, дзе ў 1939 г. скончыў педагагічны інстытут, у 1942 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, праз год стаў дацэнтам. З 1963 г. Сцяпан Ліхадзіеўскі загадваў кафедрай усеагульнай літаратуры Рэспубліканскага педагагічнага інстытута рускай мовы і літаратуры ў Ташкенце. У 1965 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1967 г. атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук, у 1968 г. стаў прафесарам.

Пісаць вершы Сцяпан Ліхадзіеўскі пачаў яшчэ ў школе. Першы з іх – «Ільічу» – быў надрукаваны ў часопісе «Беларускі піянер» у 1925 г. Потым яго творы з’яўляліся на старонках часопісаў «Малады араты», «Маладняк», «Полымя», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», у газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Чырвоны сейбіт». У 1931–1932 гг. выйшлі першыя паэтычныя зборнікі Сцяпана Ліхадзіеўскага «Чырванеюць вішні» і «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крывавыя знічкі на снезе» і «Мы – маладая гвардыя» (1932).

 

 

                                           

 

 

У Мінску былі выдадзены кнігі вершаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974) і «Чырвоныя макі» (1981). У Ташкенце ў 1973 г. выйшла кніга вершаў і перакладаў «Поиски сердолика».

 

 

                                               

 

 

Літаратурную дзейнасць пісьменнік сумяшчаў з навуковай: даследаваў крытычны рэалізм у французскай літаратуры, вывучаў беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі; выступаў як крытык, перакладчык, аўтар нарысаў, рэцэнзій, артыкулаў па пытаннях савецкай і замежнай літаратуры. Сцяпан Ліхадзіеўскі пераклаў на беларускую мову асобныя творы І.В. Гётэ, Г. Гейнэ, В. Гюго, Ш. Бадлера, П. Верлена, П. Элюара, некаторых рускіх і ўзбекскіх паэтаў. На старонках часопіса «Звезда Востока» былі апублікаваны артыкулы «Якуб Колас в Ташкенте», «Поэзия белорусских партизан», «Узбекские поэты на белорусском языке» і інш. Вынікам навукова-даследчай працы Сцяпана Ліхадзіеўскага сталі кнігі «Анатоль Франс: краткий очерк творческого пути» (1954), «Анатоль Франс: очерк творчества» (1962), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (1977).