27 мая – 90 гадоў з дня нараджэння крытыка і літаратуразнаўца Васіля Пракопавіча Жураўлёва

Імя Васіля Пракопавіча Жураўлёва, вучонага ў галіне літаратуразнаўства, вядома далёка за межамі нашай краіны. Яго навуковыя даследаванні і публікацыі вызначаюць актуальныя перспектывы і задачы развіцця беларускай школы літаратуразнаўства, садзейнічаюць павышэнню мастацкага ўзроўню літаратурнай творчасці.

Нарадзіўся Васіль Жураўлёў у вёсцы Раздзел Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1950 г. скончыў Курманаўскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. З 1954 па 1957 г. вучыўся ў аспірантуры, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1958 г. Васіль Жураўлёў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Роман Якуба Коласа “На росстанях”».

Першыя тры кнігі Васіль Жураўлёў напісаў у суаўтарстве: «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967, з П. Дзюбайлам і М. Луферавым), «Беларуская савецкая проза: апавяданне і нарыс» (1971, з С. Андраюком, А. Лысенкай, Л. Голубевай), «Пытанні паэтыкі» (1974, з І. Шпакоўскім і А. Яскевічам). У манаграфіі «Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978) значная ўвага адведзена творчасці Я. Коласа. У наступнай манаграфіі «Магчымасць рэалізму: прычыннасць і гістарызм» (1982, з М. Тычынам) Васіль Жураўлёў паказаў процістаянне двух грамадскіх поглядаў на літаратурную творчасць, вывучаў развіццё беларускай прозы, станаўленне беларускага рамана.

У 1985 г. даследчык абараніў доктарскую дысертацыю. Матэрыялам для даследавання паслужылі творы Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота, Ц. Гартнага, М. Зарэцкага, В. Быкава і інш. Адным з галоўных вынікаў навуковай дзейнасці Васіля Жураўлёва стала манаграфія «У пошуках духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стст.» (2000), у якой робіцца спроба асэнсаваць шляхі і кірункі развіцця і сцвярджэння ў беларускай літаратуры гуманістычных і дэмакратычных прынцыпаў. На матэрыяле беларускай і рускай прозы і паэзіі 1920–30-х гг. была напісана кніга «На шляху духоўнага самасцвярджэння» (1995). Вучоны – аўтар кніг «Класіка і літаратурная сучаснасць: духоўны патэнцыял чалавека» (2011), «Беларуская літаратурная класіка і сучаснасць: праблемы характаралогіі» (у суаўтарстве, 2013), манаграфіяй «Непадкупны суд памяці: творчасць Анатоля Кудраўца» (2014).

У навуковых колах Васіль Жураўлёў вядомы не толькі як таленавіты і ўдумлівы даследчык літаратуры, але і як актыўны грамадскі дзеяч. Вялікую ўвагу ён надаваў выхаванню маладых літаратуразнаўцаў. На працягу многіх гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні спецыялізаванага навуковага савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у галіне літаратуразнаўства пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа НАН Беларусі. У 2002 г. Васілю Жураўлёву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа.

Чытаць болей.