МАРШАЛ КАНСТАНЦІН РАКАСОЎСКІ – УРАДЖЭНЕЦ БЕЛАРУСІ!

Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі – ваенны дзеяч, адзін з праслаўленых савецкіх палкаводцаў, удзельнік вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Маршал Савецкага Саюза і Польшчы, двойчы Герой Савецкага Саюза (1944, 1945 гг.).

У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны імя маршала К. К. Ракасоўскага засталося не толькі дзякуючы таму, што ён бліскуча правёў мноства наступальных аперацый, але і таму факту, што 24 чэрвеня 1945 г. ён камандаваў Парадам Перамогі ў Маскве. Прымаў парад Маршал Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Гэта стала адным з яскравых сімвалаў урачыстасці, аб’яднаўшай двух самых знакамітых палкаводцаў мінулай вайны.


 Да нядаўняй пары лічылася, што будучы маршал нарадзіўся ў 1896 г. у Варшаве. Сам Канстанцін Ракасоўскі называў розныя месцы і нават даты свайго нараджэння. Па адных звестках, ён нарадзіўся 9 (21) снежня 1894 г., па іншых – 9 (21) снежня 1896 г. Месцамі нараджэння былі пазначаны то Варшава, то Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці (Расія). Паводле В. І. Чудава, аўтара выдання «Маршал Константин Рокоссовский : великий полководец и государственный деятель» (Мінск, 2020), горад Варшава як месца нараджэння пазначалася ў анкетах палкаводца амаль да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Аднак у 1945 г. К. К. Ракасоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, што патрабавала ўсталявання бюста на яго радзіме. Паставіць памятны знак у Варшаве, у сяброўскай, але незалежнай Польшчы, здавалася не зусім зручным, таму афіцыйным месцам нараджэння маршала аб’явілі горад Вялікія Лукі, што было ўключана ва ўсе савецкія энцыклапедыі і даведачныя выданні.

 

Згодна знойдзенаму запісу ў адной з метрычных кніг, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, высветлілася, што хлопчык Канстанцін, сын Ксаверыя Вікенцьевіча (католіка) і яго жонкі Антаніны Іванаўны (праваслаўнай), нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 г., а на наступны дзень быў пахрышчаны ў Свята-Троіцкай царкве ў Целяханах Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).

 

Даследчыкам дакладна вядома, што маці будучага маршала – Антаніна Аўсянікава – была родам з Целяхан. Як вызначылі архівісты, род маці Ракасоўскага паходзіць з маёнтку Туляцічы суседняга Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці).

 

Па словах дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрыя Яцэвіча, «мы можем только предполагать, почему он мог скрывать свои место и дату рождения и вообще свое происхождение. Вероятно, влияла обстановка классовой борьбы и отношение к дворянству в 1920–1930-е годы. Выявленная запись подтверждает, что он был дворянского происхождения. Кроме того, возможно, что вскоре после рождения Константина семья переехала в Варшаву, так что он мог и не знать, что родился в Телеханах. Это тоже нельзя исключать…».

 

Для нашых суайчыннікаў вельмі важным з’яўляецца той факт, што адзін з буйнейшых палкаводцаў Другой сусветнай вайны, камандуючы Парадам Перамогі мог нарадзіцца на беларускай зямлі і мець беларускія карані. Але кропку ў даследаваннях яшчэ павінны паставіць гісторыкі ...




Чудов, В. И. Маршал Константин Рокоссовский : великий полководец и государственный деятель / [В. И. Чудов]. ― Минск : Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2020. – 32 с. : ил., цв. ил., портр., карта, факсим.