Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі)

6 ліпеня спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння выдатнага паэта Я. Лучыны

Іван Люцыянавіч Неслухоўскі (Янка Лучына) нарадзіўся ў Мінску. Яшчэ ў маленстве ён захапіўся літаратурай і ва ўзросце дзевяці гадоў напісаў свой першы верш. У 1865 г. быў прыняты адразу ў трэці клас Мінскай класічнай гімназіі. Пасля яе заканчэння стаў студэнтам матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе правучыўся толькі адзін год (1870–1871). У 1877 г. скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, да канца 1879 г. працаваў у чыгуначных майстэрнях Тыфліса. У канцы 1880-х гг. перанёс цяжкую хваробу. Пасля працяглага лячэння ўладкаваўся на працу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі. У вольны час захапляўся паляваннем, рыбалкай.

Росквіт літаратурнай творчасці Янкі Лучыны прыпадае на сярэдзіну 1880-х гг. Менавіта ў гэты перыяд паэт упершыню выступіў у друку з рускамоўным вершам “Не ради славы иль расчета” (змешчаны ў першым нумары газеты “Минский листок”, 1886). Друкаваўся яшчэ ў “Северо-Западном календаре на ...год” пад рэдакцыяй А. Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках. Дэбют на польскай мове адбыўся таксама ў 1886 г. Вершам “Раскоша натхнення” Янка Лучына заявіў аб сабе як паэт, для якога на першым плане стаяць інтарэсы Бацькаўшчыны. Гэта лірычная споведзь, прызнанне ў любві да родных пагоркаў, людзей свайго краю. Патрэба выказацца па-беларуску з’явілася нечакана, пад уражаннем выступлення ўкраінскіх артыстаў, якія гастралявалі ў Мінску ў 1887 г.

Як беларускі паэт Янка Лучына дэбютаваў у друку вершам “Вясновай парой” (“Минский листок”, 1889). Потым былі апублікаваны вершы “Роднай старонцы” і “Пакуль новы год настане на свеце”. У “Северо-Западном календаре на 1893 год” надрукаваны беларускі варыянт раздзела “Стары паляўнічы” (пад назвай “Стары ляснік”) з польскамоўнай паэмы “Паляўнічыя акварэлькі з Палесся”. Беларускія вершы паэта звязаны пераважна з жыццём беларускай вёскі: галоўным героем у іх выступае селянін, які з’яўляецца носьбітам сапраўднай маральнасці, захоўвае традыцыі і звычаі продкаў.

                                                           Усё ў табе бедна. Часта заплача

                                                           Мужык араты дзеля злой долі,

                                                           Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,

                                                           З табой растацца не жджэ ніколі.

                                                                                   <…>

                                                           Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

                                                           Прагляне ясна над нашай ніваю,

                                                           І будуць жыці дзеткі патомныя

                                                         Добраю доляй – доляй шчасліваю!..

                                                                                    (“Роднай старонцы”)

Янка Лучына добра ведаў народную культуру, быў карэспандэнтам П. Шэйна, збіраў і дасылаў яму беларускі фальклор. Перакладаў з польскай мовы на беларускую (У. Сыракомлю) і рускую (У. Сыракомлю, А. Асныка), з рускай на польскую (І. Крылова, М. Някрасава, В. Чуміну-Міхайлаву і інш.), з нямецкай (Г. Гейнэ), са старажытнагрэчаскай (Гамера). Пры жыцці Янка Лучына так і не ўбачыў ніводнай уласнай кнігі паэзіі. Зборнік польскамоўных вершаў выйшаў у Варшаве толькі праз год пасля смерці аўтара. Кніга твораў на беларускай мове “Вязанка” выйшла ў свет у 1903 г. у Пецярбургу. Вершы Янкі Лучыны з польскай на беларускую мову пераклалі М. Арочка, Р. Барадулін, М. Клімковіч, У. Мархель, М. Машара, П. Пестрак, І. Чыгрын і інш. Яго творчасць высока цанілі М. Багдановіч, М. Канапніцкая.

Янка Лучына быў сапраўдным паэтам. Яго паэтычная спадчына разам з творчасцю такіх пісьменнікаў, як В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч, А. Абуховіч, К. Вераніцын абуджала грамадзянскую, нацыянальную самасвядомасць беларускага народа, прымушала яго задумацца над сваім лёсам, бяспраўным становішчам і шукаць рэальных шляхоў вызвалення ад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Творчасць Янкі Лучыны аказала прыкметны ўплыў на далейшае развіццё беларускай літаратуры, фарміраванне эстэтычных прынцыпаў перадавых беларускіх пісьменнікаў пачатку XX ст.