Ян Чачот

7 ліпеня спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння паэта, драматурга і этнографа, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Чачота

Ян Чачот нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і арандатара. Дзяцінства правёў у маёнтку Рэпіхава (зараз Ляхавіцкі раён), у якім бацька служыў аканомам у графа А. Тызенгаўза. У 1809 г. Ян Чачот паступіў у Навагрудскую дамініканскую школу, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з А. Міцкевічам. У 1815–1816 гг. вучыўся на аддзяленні маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Адсутнасць матэрыяльнай падтрымкі з боку сям’і вымусіла яго пакінуць вучобу і ўладкавацца на працу ў канцылярыю па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў.

У 1817 г. у Віленскім універсітэце ўзнікла тайнае патрыятычнае студэнцкае таварыства філаматаў (ад грэчаскага philomathes «аматар ведаў»), заснавальнікамі якога з’яўляліся Ю. Яжоўскі, Т. Зан, А. Міцкевіч, Ф. Малеўскі, А. Петрашкевіч і інш. Галоўнай мэтай таварыства была падрыхтоўка моладзі да рознабаковай дзейнасці, глыбокае авалоданне ведамі, замежнымі мовамі, заняткі творчасцю. У 1818 г. актыўным удзельнікам таварыства стаў Ян Чачот: выступаў на пасяджэннях з рэфератамі і навуковымі паведамленнямі, пісаў песні і вершы на беларускай і польскай мовах для студэнцкіх сходаў. З 1820 г. ён узначальваў літаратурны аддзел таварыства філарэтаў (ад грэчаскага philaretos «аматар дабрадзейнасці», найбольш буйное маладзёжнае аб’яднанне ў складзе філаматаў). З цягам часу філаматы сталі ставіць перад сабой не толькі асветніцкія, але і палітычныя задачы. У 1823 г. пачаліся рэпрэсіі супраць удзельнікаў студэнцкіх таварыстваў і ў ліку першых быў арыштаваны Ян Чачот. Да вынясення прыгавору паэт знаходзіўся ў Віленскай турме, дзе склаў рукапісны зборнік «Песенькі і іншыя вершы», у 1824–1833 гг. знаходзіўся ў ссылцы, дзе моцна захварэў.

У 1833 г. Яну Чачоту дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Спачатку ён працаваў у кіраўніцтве Бярэзінскага канала на Лепельшчыне, потым пераехаў на Навагрудчыну і ўладкаваўся ў Шчорсаўскую бібліятэку графа А. Храптовіча. Пасля смерці яе ўладальніка займаўся выданнем зборнікаў беларускага фальклору, сабранага ім. Вясной 1847 г. выехаў на лячэнне ў Друскенікі, дзе і памёр.

Першыя вядомыя літаратурныя працы Яна Чачота з’явіліся каля 1818 г. і былі звязаны з дзейнасцю філаматаў. Яркія і запамінальныя песні і вершы былі прасякнуты сапраўднай народнасцю, знаёмілі з жыццём простага народа. Шэраг вершаў Яна Чачота, напісаных па-беларуску, быў пакладзены на музыку Т. Занам і С. Манюшкам. Сярод іх – «Да пакіньце ж горла драць», «Заспяваем...», «Што старыя за вар’яты!», «Гэй, сябры, у гурт вясёлы!», «Што мы вашэці скажам» і інш. Сапраўднымі літаратурнымі шэдэўрамі сталі балады, створаныя Янам Чачотам у 1818–1819 гг., сярод якіх – «Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні» і інш.

У апошнія гады жыцця Ян Чачот займаўся збіраннем беларускіх народных песень, казак, загадак, прыказак і іншых жанраў фальклору. У запісах імкнуўся захаваць асаблівасці беларускіх гаворак, дакладнасць у апісанні народных звычаяў і абрадаў. Сабраныя матэрыялы ў арыгінале і перакладзе на польскую мову разам з уласнымі вершамі і слоўнікам беларускай мовы былі выдадзены ў шасці зборніках пад назвай «Сялянскія песні» (1837–1846). Ян Чачот з’яўляецца таксама аўтарам кніг «Аповесці для маладых дзяўчат» (1845), «Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні «Анафеляс» з «Вітаўтавых баёў» П. Крашэўскага» (1846). У 1996 г. быў выдадзены вялікі цыкл песень-балад «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.». Гэтыя творы былі напісаныя ў 1842–1844 гг. і паўтара стагоддзя знаходзіліся ў архіве.