Рэнальд Іванавіч Кныш

10 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння заслужанага трэнера Беларусі і СССР, заслужаны дзеяча фізічнай культуры Беларусі Рэнальда Іванавіча Кныша

Рэнальд Іванавіч Кныш нарадзіўся ў Капылі. З 1937 г. сям’я жыла ў вёсцы Рудня на Жлобіншчыне, дзе бацька быў дырэктарам школы, а маці працавала настаўніцай. Ваенныя гады Рэнальд разам з маці і сястрой правёў у эвакуацыі ў Арэнбургскай вобласці Расіі. У 1944 г. сям’я пераехала ў Гродна.

У 1955 г. Рэнальд Кныш скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. З 1953 г. працаваў трэнерам па спартыўнай гімнастыцы ў спартыўных школах Гродна, з 1971 г. з’яўляўся старшым трэнерам Цэнтральнага савета спартыўнага таварыства “Чырвоны Сцяг”. У канцы 1970-х гг. быў кіраўніком гродзенскай школы трэнераў па спартыўнай гімнастыцы.

Рэнальд Іванавіч стварыў унікальную гродзенскую гімнастычную школу. Ён не чакаў геніяльных вучняў, а выхоўваў чэмпіёнаў са звычайных дзяцей. Гродзенская школа спартыўнай гімнастыкі стала вядомай пазней, а ў пачатку 1960-х гг. на трэнера-наватара глядзелі з недаверам. Трэнерская методыка Рэнальда Кныша, насычаная пошукамі новых элементаў, рэзка адрознівалася ад той, што панавала ў гімнастыцы таго часу. Методыка Кныша патрабавала вынаходніцтва, напружанай працы, дысцыпліны, штодзённых трэніровак.

 

                                

 

Стыль і метады трэніровачнага працэсу і спартыўнага выхавання, якімі карыстаўся Р.І. Кныш, дазволілі яму падрыхтаваць чэмпіёнак СССР, свету і Алімпійскіх гульняў А. Валчэцкую і В. Корбут, чэмпіёнку СССР Т. Аляксееву.

Выхаванка Рэнальда Іванавіча Алена Валчэцкая стала майстрам спорту СССР міжнароднага класа (1965), выйграла залаты медаль XVIII Алімпійскіх гульняў у Токіа (1964), была чэмпіёнкай СССР у 1961–1965 гг.

 

                                                                

 

Дзякуючы намаганням Рэнальда Кныша Вольга Корбут стала заслужаным майстрам спорту СССР (1972) і чэмпіёнкай XX і XXI летніх Алімпійскіх гульняў у Мюнхене (1972) і Манрэалі (1976), перамагла на чэмпіянаце свету (1974) і СССР (1970, 1971, 1974–1976).

 

                                                                

 

Аб прызнанні працоўных і творчых спартыўных дасягненняў Р.І. Кныша сведчаць званні заслужанага трэнера Беларусі (1960), заслужанага трэнера СССР (1964), заслужанага дзеяча фізічнай культуры Беларусі (1971). У 1972 г. Рэнальд Іванавіч Кныш стаў ганаровым грамадзянінам Гродна.

З юнацкіх гадоў Рэнальд Іванавіч пісаў вершы, вёў лірычны дзённік. Паэзія давала яму сілы, дапамагала дабівацца выдатных вынікаў у спорце. У пачатку ХХІ ст. быў выдадзены зборнік вершаваных твораў Р.І. Кныша “Избранное”. Потым выйшлі з друку раманы ў вершах “Утро туманное” (2003), “Грёзы юности” (2017). Свае погляды на жыццё ў спорце і разважанні аб працэсе падрыхтоўкі спартсменаў-чэмпіёнаў Р.І. Кныш адлюстраваў у кнізе “Как делать олимпийских чемпионов: пособие для тренеров, спортсменов и их родителей” (2002). Рэнальд Іванавіч лічыў, што кожны трэнер, які творча выкарыстоўвае багаты вопыт іншых спартыўных спецыялістаў, здольны дасягнуць самых высокіх вынікаў у сваёй прафесіі.