Аркадзь Смоліч

29 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння дзеяча беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, арганізатара навукі і краязнаўчага руху пачатку ХХ ст. Аркадзя Антонавіча Смоліча

Нарадзіўся Аркадзь Антонавіч Смоліч у в. Бацэвічы Бабруйскага павета (цяпер Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і свяшчэнніка. З 1901 па 1905 г. вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, потым у Мінскай духоўнай семінарыі. У 1909 г. паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут, адкуль перавёўся ў Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства (Пулавы, Польшча), дзе займаўся на кафедры глебазнаўства. У гэты час А. Смоліч прымаў удзел у працы рэвалюцыйных і студэнцкіх гурткоў, стаў членам Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Яго палітычная дзейнасць не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва інстытута, і хутка студэнт Смоліч быў адлічаны. З 1910 па 1912 г. працаваў у розных месцах, каля года вучыўся на Пецярбургскіх вышэйшых сельскагаспадарчых курсах. Толькі ў 1913 г. яму дазволілі працягваць адукацыю ў Нова-Александрыйскім інстытуце.

У 1916 г. А. Смоліч вярнуўся ў Беларусь і ўладкаваўся ў Мінскае губернскае земства, дзе з цягам часу стаў намеснікам загадчыка статыстычнага бюро. Праца ў бюро дала магчымасць сабраць вялікую колькасць матэрыялаў, якія былі апрацаваны і паслужылі асновай для першай кнігі "Геаграфія Беларусі", што была выдадзена ў Вільні ў 1919 г. і стала першым школьным падручнікам, прысвечаным апісанню прыроды, насельніцтва і гаспадаркі Беларусі. Кніга А. Смоліча перавыдавалася ў 1922, 1923 і 1925 гг. і да сённяшняга часу з’яўляецца адным з лепшых падручнікаў па геаграфіі. Сведчаннем цікавасці сучаснікаў стала яе перавыданне ў 1993 г.

 

                                                                           

 

У 1917–1919 гг. А. Смоліч прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны: быў членам Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (ЦРБА), Вялікай беларускай рады, часовага ЦК БСГ, з’яўляўся адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У першым урадзе БНР А. Смоліч заняў пост народнага сакратара асветы, з лета 1919 г. займаў пасаду намесніка старшыні ўрада А.І. Луцкевіча і міністра сельскай гаспадаркі. Пасля распаду БСГ разам з іншымі беларускімі дзеячамі арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю і стаў адным з аўтараў яе праграмы.

У 1920 г. А. Смоліч адышоў ад палітычнай дзейнасці, працаваў аграномам зямельнага аддзела Гродзенскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Восенню гэтага ж года пераехаў у Вільню, выкладаў геаграфію на педагагічных курсах, быў тэхнічным кіраўніком Беларускага выдавецкага таварыства. У 1922 г. А. Смоліч вярнуўся ў Мінск, дзе быў прызначаны загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. У 1923 г. стаў выкладчыкам кафедры геаграфіі Беларусі і Расіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» А. Смоліча прызначаюць дацэнтам кафедры геаграфіі. У 1927 г. ён атрымаў званне прафесара і да 1930 г. загадваў кафедрай геаграфіі.

 

                                                                           

 

Аркадзь Смоліч адыграў значную ролю ў развіцці краязнаўства Беларусі. У 1924–1925 гг. узначальваў Цэнтральнае бюро краязнаўства. Гады працы вучонага ў Мінску непарыўна звязаны з Інстытутам беларускай культуры (далей Інбелкульт). Тут ён стварыў агранамічную секцыю, старшынёй якой пазней з’яўляўся. Быў галоўным рэдактарам выданняў інстытута, кіраваў сельскагаспадарчай секцыяй і камісіяй па раяніраванні БССР. У 1928 г. А. Смоліч абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства. Пасля рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук у 1929 г. узначальваў аддзел прыродазнаўства і гаспадаркі, загадваў кафедрай геаграфіі, займаўся падрыхтоўкай аспірантаў.

Вучоны апублікаваў больш за 30 навуковых работ, якія закранаюць праблемы ландшафтазнаўства, раяніравання, картаграфіі, эканомікі, навуковай беларускай тэрміналогіі. За навуковыя работы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927–1928 гг.: папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929) А. Смоліч быў узнагароджаны Малым залатым медалём (1930).

 

                                                                                       

 

У 1930 г. вучоны быў арыштаваны. Ссылку адбываў у Пермскай і Цюменскай абласцях Расіі. У 1937 г. яго зноў арыштавалі і прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Толькі ў 1988 г. Аркадзь Смоліч быў поўнасцю рэабілітаваны.

Працы А. Смоліча і сёння будуць карыснымі для вучоных, краязнаўцаў, педагогаў і навучэнцаў.