Ота Юльевіч Шміт

30 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння матэматыка, астранома, геафізіка, даследчыка Арктыкі, акадэміка, Героя Савецкага Саюза Ота Юльевіча Шміта

Нарадзіўся Ота Шміт у Магілёве ў сям’і выхадцаў з латышскіх і нямецкіх сялян. Яго бацька доўгія гады служыў прыказчыкам у купца, працаваў у розных гандлёвых установах, фірмах, страхавых агенцтвах. Даходы сям’і былі вельмі абмежаваныя, таму на адукацыю Ота прыйшлося прасіць грашовай дапамогі ў сваякоў. Здольны хлопчык паступіў адразу ў другі клас Магілёўскай класічнай гімназіі, які закончыў на выдатна. Неўзабаве сям’я Шмітаў пераехала ў Адэсу, а потым у Кіеў. Тут Ота з залатым медалём скончыў гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта.

Ужо на першым курсе ён склаў спіс кніг, якія збіраўся абавязкова прачытаць на працягу жыцця. Ота зацікавілі не толькі працы па матэматыцы, але і выданні па філасофіі, гісторыі, геалогіі, хіміі, астраноміі, музыцы… Вясной 1911 г. О.Ю. Шміт пачаў наведваць алгебраічны семінар прафесара Д.А. Граве і ў хуткім часе стаў адным з лепшых яго ўдзельнікаў. У 1916 г. выдаў манаграфію “Абстрактная тэорыя груп”, якая і сёння складае залаты фонд алгебраічнай літаратуры (праца двойчы перавыдавалася ў СССР, была перакладзена на англійскую мову). Ота Юльевічу Шміту не споўнілася і 25 гадоў, калі ўніверсітэт удастоіў яго Залатога медаля імя прафесара Рахманінава. У лістападзе 1916 г. ён стаў прыват-дацэнтам, а ў 1917 г. – магістрам матэматыкі. Акрамя алгебры О.Ю. Шміта цікавіла касмагонія (раздзел астраноміі, што вывучае паходжанне і развіццё касмічных цел і іх сістэм).

 

                                      


З 1918 г. О.Ю. Шміт жыў і працаваў у Маскве. Ён выкладаў матэматыку ў вышэйшых навучальных установах сталіцы, быў намеснікам старшыні Галоўнага камітэта прафесійна-тэхнічнай адукацыі, уваходзіў у склад калегіі Народнага камісарыята асветы. У канцы 1921 г. О.Ю. Шміт працаваў загадчыкам Дзяржаўнага выдавецтва і галоўным рэдактарам Вялікай савецкай энцыклапедыі. У 1929 г. ён стаў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта. За ўклад у развіццё матэматыкі ў 1933 г. быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР.

Значнае месца ў жыцці О.Ю. Шміта займала экспедыцыйная дзейнасць. Ён быў адным з буйнейшых даследчыкаў Арктыкі. У 1929–1930 гг. вучоны ўзначальваў экспедыцыю на ледаколе “Георгій Сядоў”, якая арганізавала на Зямлі Франца-Іосіфа першую навуковую станцыю і стала базай для розных даследаванняў Поўначы – метэаралагічных, геафізічных, гідралагічных, біялагічных. На станцыі быў сабраны каштоўны матэрыял, які дазволіў О.Ю. Шміту выступіць з прапановай аб праходзе Паўночнага марскога шляху за адну навігацыю.

У 1932 г. распачалася экспедыцыя на ледаколе “Аляксандр Сібіракоў”. За два месяцы быў пройдзены шлях ад Архангельска да Ціхага акіяна. Адным з важнейшых вынікаў пераходу стала стварэнне Галоўнага ўпраўлення Паўночнага марскога шляху, кіраўніком якога стаў О.Ю. Шміт.

 

                        

 

16 ліпеня 1933 г. транспартны параход “Чалюскін” распачаў экспедыцыю, якая прыцягнула да сябе ўвагу ўсяго свету. З-за вялікай колькасці паўночных ільдоў “Чалюскін” не здолеў выйсці ў Ціхі акіян і затануў. Члены экспедыцыі высадзіліся на лёд. Выратаваннем чалюскінцаў займаліся савецкія лётчыкі Вадап’янаў, Даронін, Каманін, Ляпідзеўскі, Леванеўскі, Молакаў і Сляпнёў. Першымі ратавалі дзяцей, жанчын і хворых. Кіраўнік экспедыцыі з цяжкім запаленнем лёгкіх быў дастаўлены на Аляску. У ЗША О.Ю. Шміт сустрэўся з прэзідэнтам Ф. Рузвельтам і амерыканскімі навукоўцамі. Толькі ў маі 1934 г. ён вярнуўся ў Маскву.

 

                                               


Праз тры гады пасля “чалюскінскай эпапеі” Ота Юльевіч зноў заняўся вывучэннем Арктыкі. У 1936 г. ён узначаліў новы палярны паход на ледаколе “Літке” і правёў па Паўночным марскім шляху ваенныя караблі. У маі 1937 г. кіраваў паветранай экспедыцыяй на Паўночны полюс. Упершыню ў гісторыі самалёты даставілі ў раён полюса навуковую групу на чале з І.Д. Папаніным. За гэту бліскучую аперацыю і арганізацыю станцыі “Паўночны полюс – 1” О.Ю. Шміту было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля доўгага лячэння Ота Юльевіч Шміт заняўся вывучэннем Зямлі. Па яго ініцыятыве быў створаны Геафізічны інстытут АН СССР, дырэктарам якога вучоны з’яўляўся да 1949 г. У апошнія гады жыцця вучоны ўзначальваў геафізічнае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта, стварыў кафедру эвалюцыі Зямлі, чытаў лекцыі па касмагоніі. У чэрвені 1954 г. на VI Міжнародным астрафізічным сімпозіуме ў г. Льежы (Бельгія) О.Ю. Шміт выступіў з дакладам “Роля цвёрдых часціц у планетнай касмагоніі”.

 

                                                                 


Ота Юльевіч Шміт навекі застаўся ў памяці людзей. Яго імем названы востраў у Карскім моры, паўвостраў у паўночнай частцы Новай Зямлі, мыс у Чукоцкім моры, пік і перавал на Паміры, раўніна ў Антарктыдзе, кратэры на Марсе і Месяцы, малая планета, Інстытут фізікі Зямлі Акадэміі навук Расіі, навукова-даследчы ледакол. Расійскай акадэміяй навук заснавана прэмія імя О.Ю. Шміта. Памяць пра вучонага зберагаецца і ў Беларусі. Яго імем названы праспект у Магілёве, вуліцы ў Бабруйску, Быхаве, Гомелі, Горках. Аб жыцці і дзейнасці выдатнага вучонага і даследчыка пішуць кнігі, здымаюць кіно.