Ісаак Юльевіч Бароўскі

18 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Ісаака Бароўскага, аднаго з вучняў Юдаля Пэна

Нарадзіўся Ісаак Бароўскі ў Віцебску. З дзяцінства захапляўся маляваннем. Падлеткам трапіў у майстэрню Ю.М. Пэна, які ахвотна і падоўгу з ім займаўся. Ісаак Бароўскі вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы ў педагогаў Л. Лейтмана, У. Хрусталёва, А. Мазалёва. Вясной 1941 г. закончыў вучылішча і быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў тройчы паранены і падоўгу лячыўся ў шпіталях. Пасля дэмабілізацыі некаторы час жыў у Новасібірску, з 1950 па 1962 г. працаваў у мясцовым аддзяленні Мастацкага фонду РСФСР, на працягу шэрага гадоў прымаў удзел у афармленні павільёнаў ВДНГ у Маскве.

У канцы 1962 г. Ісаак Бароўскі вярнуўся ў родны Віцебск і стаў пастаянным удзельнікам мастацкіх выставак, на якіх паказаў сябе таленавітым партрэтыстам і сапраўдным жывапісцам-прафесіяналам. З 1966 г. яго творы экспанаваліся на рэспубліканскіх тэматычных выстаўках у Мінску і па-за межамі Беларусі. У 1967 г. мастак быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.

Працаваў майстар у станковым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў графіцы. Сярод яго лепшых работ “Медсястра” (1967), партрэты старых камуністаў Ц.Ц. Тарасава, Ц.А. Каваленкі (абодва 1967), В.Л. Парахневіча (1969), прафесара І.Л. Сасновіка, мастака Г.Ф. Шутава (абодва 1968), партызанскага камандзіра Д.Ф. Райцава (1970), Герояў Сацыялістычнай Працы даяркі Г.Е. Нікалаевай (1970 ці 1969) і старшыні калгаса М.І. Каца (1975), урача-псіхіятра В.А. Анішчанкі (1981), настаўніцы М.К. Ждан (1991); пейзажы “Пасля навальніцы”, “Куток Віцебска”, “Ралля”, “Ля возера”, “Восень”; нацюрморты “Астры”, “Хлеб” (усе 1991) і інш.

Адна з найбольш ранніх работ мастака – “Партрэт дзяўчыны” (1960) – стала першай у шматлікай галерэі ўдалых жаночых вобразаў, створаных ім на працягу ўсяго творчага жыцця: “Партрэт Вянглінскай” (1969), “Партрэт архітэктара З.І. Озеравай” (1971), партрэт былога дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Н.А. Сулецкай (1982) і інш.

У 1988–1989 гг. Ісаак Юльевіч выканаў мантажна-кампазіцыйны партрэт свайго першага настаўніка Ю.М. Пэна. У аснове кампазіцыі – вобраз мастака ў інтэр’еры кватэры-майстэрні на фоне вобразаў з яго знакамітых карцін, памятных Бароўскаму з дзяцінства: “Часаўшчык”, “Партрэт Шагала”, “Сват” і інш. “Работа И. Боровского о Ю. Пэне – это не просто портрет-воспоминание, а прежде всего реквием, дань уважения замечательному художнику его ученика”, – менавіта так ацэньвалі гэту работу сябры мастака, аўтары-складальнікі альбома-каталога, прысвечанага І.Ю. Бароўскаму, А. Лісаў і А. Падліпскі. Гэты альбом быў падрыхтаваны і выдадзены ў 1997 г. па ініцыятыве Віцебскага краязнаўчага фонду імя А. Сапунова. У ім прадстаўлены каляровыя і чорна-белыя рэпрадукцыі 70 работ майстра 1960–1990 гг. Некаторыя з твораў мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, прыватных зборах Германіі, Фінляндыі, Ізраіля, ЗША і іншых краін.