Галіна Пятроўна Маркіна

23 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Галіны Пятроўны Маркінай

Галіна Пятроўна Маркіна нарадзілася ў Варонежы ў акцёрскай сям'і: дачка П.А. Маркіна і В.С. Захаравай. У 1956 г. скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (педагог Д. Арлоў) і адначасова філалагічны факультэт Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1956 г. працавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры, з 1959 г. – у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, з 1961 г. – у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа.

Галіна Маркіна была актрысай шырокага творчага дыяпазону, якая валодала майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай. Глыбокае спасціжэнне аўтарскага стылю, эпохі, сацыяльнай прыроды вобраза дазвалялі ёй знайсці адпаведную матывіроўку паводзін, моўную інтанацыю, пластычны малюнак. Гераіні Г. Маркінай адметныя інтэлектуальнасцю, жаноцкасцю, абаяльнасцю. Вызначальнай у творчасці актрысы брэсцкага перыяду стала роля Жэнькі ў спектаклі «Фабрычнае дзяўчо» А. Валодзіна (1957). У ім упершыню выявілася яе індывідуальнасць, раскрыўся драматычны талент, тэмперамент, прафесійнае майстэрства, шчырасць. З іншых роляў актрысы ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры вылучаюцца: Наташа («Вясёлка» М. Заруднага), Рыка («Юстына» Х. Вуаліёкі), Лэці Джэральд («Джэні Герхардт» паводле Т. Драйзера), Ксенія («Разлом» Б. Лаўранёва).

Свае лепшыя ролі Г. Маркіна сыграла ў Коласаўскім тэатры. Пэўную ўвагу гледача выклікаў спектакль «Ганарліўка» па п'есе Т. Ян (1964), у якім актрыса стварыла вобраз галоўнай гераіні Лёлькі – шчырай, наіўнай, вельмі прывабнай маладой дзяўчыны. Гэту ролю крытыка адзначала як асобную акцёрскую ўдачу выканаўцы. Значным дасягненнем коласаўцаў у 1960-я гг. стаў спектакль «Ветрык, вей!» Я. Райніса (1965), у пастаноўцы якога было шмат цікавых акцёрскіх работ. Адметным атрымаўся вобраз Заны ў выкананні Г. Маркінай. Актрыса пераканаўча раскрывала драму зняважанай дзяўчыны, яе азлобленасць, і адначасова выяўляла меру яе трагічнай віны.

Галіна Маркіна – высокапрафесійная, інтэлектуальная актрыса класічнага тыпу. Яе выканаўчай манеры былі ўласцівы аналітычная паглыбленасць, пранікненне ў таямніцы жаночай душы. Характары, створаныя ёю на коласаўскай сцэне, самі па сабе былі цэлым сусветам, а сама актрыса заўсёды з'яўлялася цэнтральнай фігурай сцэнічнай кампазіцыі дзякуючы яркай акцёрскай індывідуальнасці. У 1976 г. актрысе было прысвоена ганаровае званне «Народная артыстка БССР».

Чытаць болей