Да юбілею Рыгора Клікушына

4 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння графіка Рыгора Піліпавіча Клікушына

Сярод беларускіх мастакоў другой паловы ХХ ст. асаблівае месца займае Рыгор Піліпавіч Клікушын. Высокакваліфікаваны спецыяліст у шрыфтавой графіцы, празваны «каралём шрыфтоў», ён стаў стваральнікам арыгінальных рэкламных, мастацка-афарміцельскіх і дэкаратыўных шрыфтоў, якія шырока ўжываюцца ў друкарскай справе.

Нарадзіўся Р. Клікушын у сяле Сладкова Маслянскага раёна Цюменскай вобласці (Расія). Здольнасці да малявання з’явіліся яшчэ ў дзяцінстве – займаўся афармленнем школьных насценных газет, лозунгаў, плакатаў, афіш, маляваў наглядныя дапаможнікі для настаўнікаў. Асаблівае ўражанне на яго ў гэты перыяд зрабілі ілюстрацыі французскага гравёра Г. Дарэ да кнігі чарадзейных казак Ш. Перо. Пасля заканчэння школы паступіў у Омскае мастацкае вучылішча. У 1943 г. быў мабілізаваны ў армію, вучыўся на курсах тэлеграфістаў, служыў картографам пры штабе 1-га Гвардзейскага механізаванага корпуса генерала І.М. Русіянава, удзельнічаў у франтавой самадзейнасці.

Пасля дэмабілізацыі Р. Клікушын у 1946 г. пераехаў у Віцебск і паступіў на гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. З 1950 г. выкладаў гісторыю і малюнак у Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы (у далейшым – мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута). Адначасова ў 1951–1956 гг. вучыўся завочна на мастацкім аддзяленні Маскоўскага паліграфічнага інстытута. Атрымаўшы спецыяльнасць мастака-рэдактара друкарскай прадукцыі, пачаў супрацоўніцтва з выдавецтвамі. За наступныя гады аформіў больш за 70 выданняў П. Панчанкі, К. Крапівы, Я. Коласа, Р. Барадуліна, К. Паўстоўскага, Ч. Дзікенса, А. Дзюма, Ф. Купера і інш. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, стаў членам Беларускага саюза мастакоў.

 

                                                                           

 

У 1964–1970 гг. Р. Клікушын узначальваў кафедру выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У гэты перыяд захапляўся гравюрай, працаваў у тэхніках лінарыту і малюнка пяром. Стварыў каля 100 гравюр, 5 серый графічных аркушаў («Віцебск, любоў мая» (1960–1964), «Вясковыя пейзажы» (1961–1964), «Стары Віцебск» (1962–1969), «Полацкі Нафтабуд» (1966), «Успамін пра малую радзіму» (1967–1968)).

 

                                                                  

 

Зацікавіўшыся шрыфтавой графікай, мастак пачаў вывучаць гісторыю пісьменнасці і кнігадрукавання, збіраць каталогі айчынных і замежных шрыфтоў, ствараць уласныя. Сярод распрацаваных ім арыгінальных шрыфтоў «Віцебск», «Вольга», «Рускі сувенір», «Народны», «Ініцыяльны», «Дзвіна» і інш. Мастацтву шрыфта прысвечаны падрыхтаваныя Р. Клікушыным кнігі: «Шрифты» (1964), «Шрифты для художников-оформителей» (1979), «Декоративные шрифты для художественно-оформительских работ» (1987), «Рекламные шрифты» (1989), «Книжные, плакатные, декоративные шрифты для художественно-оформительских работ» (1991) і інш.