Да юбілею Іосіфа Лангбарда

18 студзеня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння архітэктара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда

Адметнай з’явай у гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі першай паловы ХХ ст. стала творчасць выдатнага архітэктара Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда.

Нарадзіўся ён у г. Бельск Гродзенскай губерні (цяпер г. Бельск-Падляскі, Польшча). Пасля заканчэння гімназіі вучыўся на архітэктурным аддзяленні мастацкага вучылішча Таварыства прыгожых мастацтваў у Адэсе (1901–1906). У 1907 г. стаў студэнтам архітэктурнага факультэта Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Вялікі ўплыў на творчае станаўленне І.Р. Лангбарда ў гэты перыяд аказаў прафесар акадэміі А.Н. Памяранцаў, пад кіраўніцтвам якога ён у 1914 г. абараніў дыпломны праект на тэму «Здание Государственного совета Российской империи» і атрымаў званне архітэктара-мастака.

У гады Першай сусветнай вайны І.Р. Лангбард займаўся ваенным будаўніцтвам, удзельнічаў у стварэнні земскай управы ў Кастраме, даходных дамоў, Сельскагаспадарчага музея і Тэатра мініяцюр у Петраградзе. У 1918–1932 гг. Іосіф Рыгоравіч служыў у будаўнічай канторы аддзела аховы здароўя Петраграда.

 

 

Малады архітэктар дасягнуў вялікіх поспехаў у праектаванні новых тыпаў жылых комплексаў. Перамога ў конкурсе праектаў Дома ўрада ў Мінску (1929) стала паваротнай падзеяй у яго кар’еры. Галоўны адміністрацыйны будынак БССР, узведзены ў 1934 г., стаў адным з лепшых твораў архітэктара, што прынесла яму шырокую вядомасць.

 

 

У далейшым І.Р. Лангбард адыграў адну з галоўных роляў у фарміраванні архітэктурнага аблічча беларускай сталіцы. Па яго праектах тут былі пабудаваны павільёны для першай Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўкі (1930, не зберагліся), Дом Чырвонай Арміі імя К.Я. Варашылава (Дом афіцэраў, 1934–1939), Дзяржаўны тэатр оперы і балета (1933–1937), галоўны корпус Акадэміі навук БССР (1935–1940).

 

                                                        

 

Сярод іншых работ гэтага перыяду праекты стадыёна імя У.І. Леніна (Ленінград, 1934), урадавага цэнтра (Кіеў, 1935–1937),Дома Саветаў (Магілёў, 1937–1939), выкананыя сумесна з М.Г. Манізерам помнікі В.І. Чапаеву (Куйбышаў, 1932), Т.Р. Шаўчэнку (Харкаў, 1934–1935), У.І. Леніну (Кіеў, 1935–1936) і інш.

 

                                                 

У 1944 г. архітэктар прыняў удзел у складанні «Эскіза планіроўкі Мінска», які стаў асновай для пасляваеннага аднаўлення і развіцця беларускай сталіцы. На працягу некалькіх пасляваенных гадоў ён кіраваў майстэрняй інстытута «Белдзяржпраект», прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні разбураных у час вайны будынкаў. Удзельнічаў таксама ў стварэнні генеральнага плана Гомеля (1944), сумесна з архітэктарам М.І. Бакланавым выканаў праект кінатэатра «Перамога» (1947).

Сярод яго работ за межамі рэспублікі – помнікі З. Касмадзям’янскай (Тамбоў, 1946), Д.І. Мендзялееву (Ленінград, 1948), Ф.Э. Дзяржынскаму (Масква, 1949). У 1934 г. І.Р. Лангбард быў удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1949 г. узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».