Да юбілею Інстытута беларускай культуры

30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з часу заснавання Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта)

У пачатку 1920-х гг. галоўным кірункам дзяржаўнай палітыкі з'яўлялася паскоранае развіццё навукі. З гэтай мэтай і быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), якому даручалася правядзенне даследаванняў мовы, літаратуры, побыту народа і яго гісторыі, прыроды, эканомікі, сацыяльна-грамадскага развіцця.

Ідэя стварэння Інбелкульта была агучана 27 студзеня 1921 г. на сходзе работнікаў асветы і культуры. У лістападзе 1921 г. камісіяй у складзе акадэмікаў Я. Карскага, Я. Дылы і С. Некрашэвіча была скончана распрацоўка статута Інстытута беларускай культуры.

 

                                     


Датай заснавання інстытута прынята лічыць 30 студзеня 1922 г., калі адбылося яго першае пасяджэнне. У склад установы ўвайшлі: старшыня – С. Некрашэвіч, сакратар – У. Чаржынскі; правадзейныя члены – Я. Карскі, Я. Лёсік, І. Луцэвіч (Я. Купала), К. Міцкевіч (Я. Колас); навуковыя супрацоўнікі – М. Азбукін, М. Байкоў, Л. Більдзюкевіч, Ф. Бурак, М. Грамыка, М. Гуткоўскі, А. Круталевіч, В. Міхальскі, М. Піятуховіч, С. Плаўнік (З. Бядуля), Ч. Родзевіч.

25 ліпеня 1924 г. ЦВК і СНК БССР зацвердзілі Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры. У адпаведнасці з ім інстытут абвяшчаўся вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай, у склад якой на правах секцый уваходзілі Асацыяцыя навуковай арганізацыі працы і ўсебеларускае аб'яднанне пісьменнікаў “Маладняк”. 31 студзеня 1925 г. на пасаду старшыні Інбелкульта быў прызначаны У. Ігнатоўскі.

 

 

У лютым 1926 г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Дзяржаўную навукова-даследчую ўстанову. У гэты час тут працавалі секцыі беларускай мовы і літаратуры, беларускага мастацтва, гісторыка-археалагічная, прыродазнаўчая, медыцынская, сельскагаспадарчая; яўрэйскі і польскі нацыянальныя аддзелы; навуковыя камісіі: слоўнікавая, галоўная тэрміналагічная, літаратурная, гісторыка-археалагічная, бібліяграфічная, па ахове помнікаў даўніны, мастацтва і прыроды, па вывучэнні натуральных вытворчых сіл; выдавецтва і Цэнтральнае бюро краязнаўства.

 

У 1927 г. структура Інбелкульта была набліжана да акадэмічнай: былі створаны 3 інстытуты, 17 кафедраў, 41 камісія, 3 лабараторыі і 3 музеі. Акрамя кваліфікаваных спецыялістаў з вядучых навуковых цэнтраў Расіі, Украіны (І. Замоцін, М. Нікольскі, У. Перцаў, У. Пічэта, М. Шчакаціхін, М. Доўнар-Запольскі і інш.), у Інбелкульце працавалі работнікі навукі і культуры, якія вярнуліся з-за мяжы (М. Гарэцкі, Ф. Аляхновіч, А. Смоліч, В. Ластоўскі, Б. Эпімах-Шыпіла). Агульная колькасць супрацоўнікаў (па даных на ліпень 1927 г.) склала 176 чалавек, з іх 76 правадзейных членаў, 65 членаў-супрацоўнікаў і 35 членаў-карэспандэнтаў.

Вынікам актыўнай дзейнасці тэрміналагічных камісій розных секцый інстытута з'явілася стварэнне і выданне спецыяльных слоўнікаў беларускай навуковай тэрміналогіі па 24 галінах ведаў.

 

                                                          

 

Распрацоўваліся пытанні гісторыі беларускай мовы (П. Бузук, І. Воўк-Левановіч). У развіцці айчыннага літаратуразнаўства 1920-х гг. значную ролю адыгралі У. Дубоўка, І. Замоцін, Я. Барычэўскі, М. Піятуховіч. Выступленні ў перыядычным друку Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Крапівы і многіх іншых пісьменнікаў з аналізам развіцця беларускай літаратуры мелі вялікае значэнне ў станаўленні літаратурнай крытыкі. У галіне гісторыі і археалогіі плённа працавалі М. Доўнар-Запольскі, Д. Даўгяла, А. Ляўданскі, К. Палікарповіч. Вядомымі этнографамі ў той час былі А. Сержпутоўскі, І. Сербаў, М. Мялешка.

 

           

 

Адно з галоўных месцаў у дзейнасці Інбелкульта адводзілася вывучэнню прыроды. Выдатнымі вучонымі ў гэтай галіне з'яўляліся П. Туткоўскі, М. Бліядуха, Ф. Лунгерсгаўзен. Сярод геабатанічных даследаванняў значнае месца занялі працы Г. Высоцкага, С. Георгіеўскага, У. Касаткіна, М. Гайдукова і А. Фядзюшына. Да канца 1920-х гг. вучоныя Інбелкульта стварылі сур'ёзныя задзелы ў галіне гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Іх даследаванні садзейнічалі аднаўленню і развіццю народнай гаспадаркі. 13 кастрычніка 1928 г. пастановай ЦВК і СНК БССР Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г.

 

                          

 

Шмат цікавай інфармацыі змяшчае віртуальны праект Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прымеркаваны да 100-годдзя Інстытута беларускай культуры.