Да юбілею Уладзіслава Галубка

15 мая спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка – першага народнага артыста Беларусі

Гісторыя беларускага тэатра першых двух дзесяцігоддзяў XX ст. цесна звязана з шматграннай дзейнасцю Уладзіслава Галубка.

Нарадзіўся ён на станцыі Лясная непадалёк ад Баранавіч у сям’і рабочага-чыгуначніка. Пазней сям’я пераехала ў Мінск. Уладзіка з маленства цягнула да ведаў, мастацтва, і бацькі падтрымлівалі ў ім гэту цягу. Спачатку хлопчык займаўся дома, затым – у царкоўнапрыходскай школе і Мінскім гарадскім вучылішчы. Пасля заўчаснай смерці бацькі хлопец узяў на сябе клопаты пра сям’ю. Працаваў грузчыкам, прыказчыкам, слесарам. У вольны ад працы час спрабаваў свае сілы ў музыцы, жывапісе, літаратуры. Каб атрымаць тэарэтычныя і практычныя веды па выяўленчым мастацтве У. Галубок займаўся ў мінскіх мастакоў Пракоф’ева, Сухоўскага і Яроменкі. Мастацкая адукацыя адыграла асаблівую ролю ў час вандравання ўласнага тэатра: Уладзіслаў Іосіфавіч выступаў ў ім не толькі як рэжысёр і акцёр-выканаўца, але і як адзіны ў трупе мастак-дэкаратар.

Паспрабаваў свае сілы У. Галубок і ў літаратуры: пісаў вершы і апавяданні. Першым было надрукавана апавяданне “На вяселле”, якое з’явілася ў 1908 г. на старонках газеты “Наша ніва”. З гэтага часу імя маладога пісьменніка ўсё часцей з’яўлялася на старонках газет, часопісаў, альманахаў. У 1913 г. у Пецярбургу выйшаў першы зборнік У. Галубка “Апавяданні”. Асноўныя жанры, якія ён распрацоўваў, – камедыя і меладрама. Камедыйнае майстэрства яскрава праявілася ў п’есах “Пісаравы імяніны”, “Суд”, “Пінская мадонна”, “На курорце”, “Культурная цешча”. Меладраматычную лінію ў драматургіі У. Галубка распачала драма “Апошняе спатканне”. Пасля былі напісаны “Ганка”, “Пан Сурынта”, “Плытагоны” і інш. Усяго ён стварыў каля 40 п’ес на гістарычныя, гісторыка-рэвалюцыйныя і бытавыя тэмы.

 

                

 

З найбольшай паўнатой раскрыўся талент У. Галубка ў тэатральнай дзейнасці, якая пачалася з узнікненнем ў 1917 г. Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Праз тры гады ён выступаў ужо як кіраўнік самастойнага тэатра. 10 жніўня 1920 г. адбыўся спектакль “Суд”. З гэтай даты і пачалося існаванне сцэнічнага калектыву, які спачатку называўся Трупай беларускіх артыстаў пад загадам Галубка, пазней – Другой беларускай дзяржаўнай трупай (з 1924 г.), затым – Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатрам (з 1926 г.) і, нарэшце – Беларускім трэцім дзяржаўным тэатрам (БДТ-3) (з 1932 г.).

Уладзіслаў Галубок адначасова быў драматургам, рэжысёрам, акцёрам, мастаком-дэкаратарам, выконваў адміністрацыйныя абавязкі. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся народнай сакавітасцю, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі і танцамі. Уладзіслаў Галубок выступаў і як акцёр, стварыўшы на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў: Дзяка (“Пісаравы імяніны”), Лаўрэна Авечкі (“Суд”), Палкоўніка (“Ганка”), Сурынты (“Пан Сурынта”) і інш.


                   

Сваім самаадданым служэннем тэатру У. Галубок заваяваў шчырае прызнанне і ўсеагульную любоў. Яму першаму было прысвоена званне народнага артыста БССР (1928). Да 100-годдзя з дня нараджэння артыста на кінастудыі “Беларусьфільм” была створана дакументальная стужка “Уладзіслаў Галубок”. З 1982 г. у Мінску дзейнічае тэатральная “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.