Да юбілею Язэпа Пушчы

20 мая спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы – паэта, крытыка і перакладчыка

Язэп Пушча (сапраўднае прозвішча Плашчынскі Іосіф Паўлавіч) нрадзіўся ў вёсцы Каралішчавічы, непадалёк ад Мінска. Вучыўся ў вясковай школе, затым – у Мінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, у гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны – у Мінскім рэальным вучылішчы. Працаваў інспектарам адукацыі ў Мазырскім і Мінскім павятовых аддзелах народнай асветы, выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, у Мінскім музычным тэхнікуме. З 1925 па 1927 г. займаўся на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт, але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу і ў 1929 г. вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў стыль-рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

 


Першыя літаратурныя крокі паэт зрабіў, калі ў 1923 г. стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а пазней – “Узвышша”. За шэсць творчых гадоў Я. Пушча напісаў сем кніг паэзіі, але паспеў выдаць пяць: “Раніца рыкае” (1925), “Vita” (1926), “Дні вясны” (1927), “Песні на руінах” (1929), “Крывавы плакат” (1930).


                           

У 1931 г. Я. Пушча быў высланы за межы Беларусі. Жыў на Урале, пасля – каля Анапы, дзе працаваў бухгалтарам у саўгасе. У 1937–1941 гг. – у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці. Пасля вайны да 1958 г. займаў пасаду дырэктара школы сяла Чаадаева Уладзімірскай вобласці, вёў заняткі па рускай мове і літаратуры, друкаваў рускамоўныя творы ў мясцовых выданнях. На працягу 27 гадоў паэт быў вымушаны жыць за межамі Беларусі. У студзені 1956 г. Я. Пушча быў рэабілітаваны, а ў ліпені 1958 г. вярнуўся з сям’ёй у Мінск. Пачаўся новы перыяд у яго жыцці – перыяд надзей і спадзяванняў на лепшае. За гэты час ён выдаў два зборнікі паэзіі: “Вершы і паэмы” (1960) і “Пачатак легенды” (1963). Асноўнымі матывамі пасляваеннай лірыкі сталі любоў да Радзімы, шматгалоссе прыроды, услаўленне працоўнага энтузіязму. Вершы Я.Пушчы лёгка клаліся на музыку. З імі працавалі П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і інш. Пісаў паэт таксама творы для дзяцей (вершаваная казка “На Бабрыцы”, 1960 і інш.).

Для роднай Беларусі Язэп Пушча застаўся паэтам, які служыў справядлівым, гуманістычным ідэалам. Многія малавядомыя старонкі яго жыцця ажылі ў мемуарах жонкі Станіславы Эдуардаўны Плашчынскай.