Да юбілею Мікалая Тарасюка

8 мая спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага майстра Беларусі Мікалая Васільевіча Тарасюка

Унікальнай з’явай нацыянальнага інсітнага мастацтва з’яўляецца творчасць Мікалая Васільевіча Тарасюка, які ўнёс значны ўклад у захаванне самабытных традыцый і культуры беларускага народа.

Нарадзіўся ён у вёсцы Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З ранняга ўзросту працаваў у калгасе. Разьбярствам зацікавіўся ў дзяцінстве: рабіў лыжкі, фігуркі жывёл. Сапраўднае захапленне драўлянай скульптурай пачалося ў 1980-я гг. Персанажамі яго работ з’яўляюцца сяляне, якія займаюцца земляробствам, млынарствам, ільнаводствам, пілаваннем і інш. У кампазіцыях з дрэва, лазы і саломы адлюстраваны важныя моманты чалавечага жыцця ад нараджэння да смерці, лёс простых людзей і іх спрадвечныя клопаты: сялянская праца («Сялянскі двор. З сенакосу», «Аратай», «Сяўба», «Жніво», «Малацьба», «Млынарскі двор», «Апрацоўка льну», «Жорны», «Збор ураджаю»), жаночыя заняткі («Сямейныя клопаты», «Ткачыха», «Жаночая доля»), народныя традыцыі, святы і абрады («Маё вяселле», «Царква. Вянчанне», «Каляда прыйшла», «Вячоркі», «Хаўтуры», «Пахаванне»).


                      


Майстар звяртаўся да сацыяльных праблем, крытыкаваў п’янства («Каму радасць, каму слёзы», «Дагаспадарыліся, дапіліся», «Памілуйце мяне!»), разлад у сям’і («Праклятае каханне»). Некаторыя творы прысвечаны цяжкаму становішчу сялян («Як раскулачвалі мужыка», «Па свеце з торбаю пойдзем»), палітычным падзеям («Трое ў Белавежскай пушчы»), хрысціянскім матывам («Ісус Хрыстос у пустыні», «Распяцце», «Ісус Хрыстос на пакуце», «Як рэзалі крыжы»). Асаблівасцямі работ з’яўляюцца дакладнасць этнаграфічных дэталяў вясковага жыцця, эмацыянальнасць, духоўная шчырасць, філасафічнасць.

З 1987 г. Мікалай Тарасюк прымаў удзел у абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізоўваў персанальныя выстаўкі. У 1993–1994 гг. пабудаваў на сваім падворку дом-музей «Успаміны Бацькаўшчыны», у якім сабрана каля 300 работ.

 

                                       

 

Творчасць разьбяра атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Ён з’яўляецца лаўрэатам II Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987), I Рэспубліканскага свята-конкурсу разьбярства «Дрэва жыцця» (1999), II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва «Жывыя крыніцы» (2007). У 1987 г. Мікалай Тарасюк узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. Майстар – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2001). У 2003 г. удастоены звання «Народны майстар Беларусі». Кампазіцыі разьбяра захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» і інш. У 2008 г. быў выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка». У 2011 г. рэжысёр В. Аслюк зняў пра мастака фільм «Драўляны народ».