Да юбілею Міхаіла Герчыка

7 чэрвеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і публіцыцыста Міхаіла Герчыка

Творы Міхаіла Навумавіча Герчыка ў 80-х – 90-х гг. мінулага стагоддзя выдаваліся масавымі тыражамі і былі вельмі папулярнымі сярод розных пакаленняў чытачоў.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у Бабруйску Магілёўскай вобласці ў сям’і рабочага. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і малодшым братам знаходзіўся ў эвакуацыі. Восенню 1944 г. сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1950 г. Міхаіл Герчык скончыў сем класаў 13-й Бабруйскай школы, потым Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н.К. Крупскай (1953) і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Заняткі на аддзяленні журналістыкі сумяшчаў з работай у піянерскай газеце «Зорька». У 1964 г. Міхаіл Герчык стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У гэтым жа годзе пачаў працаваць на Беларускім радыё ў Галоўнай рэдакцыі вяшчання для дзяцей, потым перайшоў у выдавецтва «Беларусь». З 1972 г. займаў пасаду старшага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Яго шматлікія дакументальныя нарысы і апавяданні, надрукаваныя ў 1970-я гг. у часопісах «Вясёлка», «Бярозка», газетах «Піянер Беларусі» і «Зорька» сведчылі аб тым, што аўтар любіў і разумеў дзяцей. Асаблівую ўвагу пісьменнік звяртаў на станаўленне характараў падлеткаў, што знайшло адлюстраванне ў творах «Ветер рвет паутину» (1963), «Портрет Фиделя» (1964), «Повесть о золотой рыбке» (1968), «Солнечный круг» (1970), зборніках аповесцей і апавяданняў «Земное притяжение» (1965), «Ветка зеленого дерева» (1977), «Дзе жывуць чараўнікі» (1980), «Самое синее небо» (1982).

 

      

 

Кнігі Міхаіла Герчыка вызначаюцца навізной тэмы, дакладнымі мастацкімі вобразамі і характарамі, прыцягваюць увагу вострым займальным сюжэтам, добра распрацаванай кампазіцыяй. У іх пісьменнік не толькі даследаваў складаныя калізіі жыцця, цяжкія лёсы людзей, але і імкнуўся паказаць усё лепшае, што ёсць у чалавеку. Менавіта таму першы раман Міхаіла Герчыка «Отдаешь навсегда» (1970) быў адзначаны прэміяй на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М. Астроўскага. Пісьменнік з’яўляецца таксама аўтарам раманаў «Обретение надежды» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), «Погоня за миражом» (2008). Плённа працаваў Міхаіл Герчык і ў галіне мастацкага перакладу. Многія творы беларускіх пісьменнікаў (С. Міхальчука, А. Пальчэўскага, Х. Жычкі, М. Ваданосава, У. Ягоўдзіка, В. Гардзея і інш.) былі перакладзены ім на рускую мову.