
Катэхізіс – рэлігійная кніга, у якой выкладзены асновы хрысціянскага веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. З XVI ст. выданне стала навучальным дапаможнікам, мэтай якога было агульнае рэлігійнае навучанне. Пачатак такім выданням паклаў М. Лютэр, які ў 1529 г. надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1562 г. у Нясвіжскай друкарні быў выдадзены на беларускай мове «Катэхізіс» Сымона Буднага, мысліцеля і рэлігійнага рэфарматара, прадаўжальніка культурна-асветніцкай традыцыі Ф. Скарыны.
«Катэхізіс» складаецца з 64 чатырохаркушавых і шасціаркушавага сшыткаў, надрукаваных у дзве фарбы. Кніга адкрываецца тытульным лістом, упрыгожаным вялікай застаўкай. За тытулам змешчана прысвячэнне князям Радзівілам, якім у той час належаў Нясвіж. Прадмова да выдання пачынаецца словамі: «К всем благоверным христианом языка руского предъсловие в Катихисию» і вызначэннем: «Катихисис слово есть греческого языка, сказует же ся на словенскую речь оглашение или гласом учение». Кніга складаецца з чатырох частак і пабудавана ў форме пытанняў і адказаў. У кароткім пасляслоўі названы імёны выдаўцоў, пазначаны месца і дата яе выхаду. Друкарскае афармленне выдання складаецца з застаўкі на тытульным лісце і канцоўкі з аздобай з наборнага арнаменту.
Асветныя ідэі С. Буднага, выкладзеныя ў прысвячэнні, прадмове і пасляслоўі, напісаны пад уплывам поглядаў Ф. Скарыны. Да скарынінскіх тэкстаў узыходзіць фраза, што тлумачыць мэту выдання, – «богу ко чти и посполитым людем языка руского к наказанью и доброму наученью». Змест кнігі сведчыць аб тым, што аўтара вельмі цікавілі праблемы сацыяльна-класавага і палітычнага характару: у «Катэхізісе» С. Будны заклікаў пануючыя колы краіны клапаціцца аб развіцці беларускай культуры, адукацыі, роднай мовы.
«Катэхізіс» стаў першай кнігай на беларускай мове, надрукаванай на тэрыторыі Беларусі. Гэты неардынарны твор, адметны па змесце і глыбіні выказаных думак з даўніх часоў прыцягваў увагу адукаваных людзей як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і далёка за яго межамі. У 1696 г. ён упамінаецца ў прадмове маскоўскага патрыярха Андрыяна да «Праваслаўнага спавядання веры» П. Магілы.
Вядома 10 экземпляраў «Катэхізіса» 1562 г., якія знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, Навуковай бібліятэцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэцы Чэшскай Рэспублікі. У Празе захоўваецца таксама 20 асобных аркушаў кнігі, знойдзеных у 1977 г.