Да юбілею Петруся Макаля

25 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння паэта і драматурга Петруся Макаля

Пётр Міхайлавіч Макаль нарадзіўся ў вёсцы Крушыняны Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям’і. Маленства паэта прыпала на цяжкія гады вайны. У 1946 г. хлопчык разам з маці пераехаў з вёскі ў Саратаўскай вобласці, дзе сям’я жыла з 1944 г., на Гродзеншчыну. Пасля заканчэння сямігодкі Пятрусь Макаль паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, дзе правучыўся два гады, а ў 1953 г. атрымаў дыплом Гродзенскага педінстытута. Пасля службы ў Савецкай Арміі тры гады працаваў у рэдакцыі часопіса “Маладосць” (1957–1960). У 1962 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, пасля якіх быў загадчыкам аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1965 па 1966 г. працаваў рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР, з 1966 па 1975 гг. быў памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача. З 1975 г. Пятрусь Макаль – літкансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1978 па 1980 г. – старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 1980–1983 гг. – рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. З 1983 г. пісьменнік цалкам прысвяціў сябе творчасці.

Першы верш Петруся Макаля з’явіўся ў газеце “Гродзенская праўда” ў 1949 г. Праз шэсць гадоў выйшаў вершаваны зборнік з сімвалічнай назвай “Першы след” (1955), а неўзабаве – і другая кніжка вершаў – “Вятрам насустрач” (1958). Абедзве кнігі вызначаліся лірызмам і былі прыязна сустрэты крытыкай.

          

                                              

Паэтычныя зборнікі “Вечны агонь” (1960), “Круглы стол” (1964), “Акно” (1967) вылучаюцца багатай асацыятыўна-вобразнай палітрай, філасафічнасцю, тэхнічнай віртуознасцю, разнастайнасцю жанравых адносін. У 70-я гг. ХХ ст. выходзяць кнігі Петруся Макаля “Дотык да зямлі” (1975), “Поле” (1978, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1980), “Заручыны” (1979). У творах гэтага перыяду быў адлюстраваны вобраз веку, які “з рэактыўнай хуткасцю імкне”.


            

                               

У 1960–1970-я гг. Пятрусь Макаль звярнуўся да напісання твораў для дзяцей. Сумесна з А. Вольскім ён напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі” (пастаўлена ў 1958) і “Марынка-крапіўніца” (пастаўлена ў 1963). З’явіліся вершаваныя п’есы: “Адчыніце, казляняткі!” (1970), “Дай вады, калодзеж!” (1971), “На ўсіх адна бяда” (1974). У 1966 г. Пятрусь Макаль выдаў кнігу для дзяцей “Хлопчык будзіць сонца”, а ў 1980-я гг. яшчэ тры кнігі: “Песня згоды” (1983), “Чарадзейная скарбонка” (1987), “Я гатую абед” (1989).


                                                           

Васьмідзясятыя гады ХХ ст. сталі вельмі плённымі ў творчым жыцці паэта. Адзін за адным з’яўляюцца зборнікі вершаў “Смак яблыка” (1981, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1984), “Калыска долі” (1984), “Асенняя пошта лістоты” (1987). Уласцівыя творцу філасафічнасць, інтэлектуалізацыя саступілі месца лірызму, тэме сувязі часоў і пакаленняў, еднасці сённяшняга і вечнага ў жыцці. У канцы 1980-х – сярэдзіне 1990-х гг. узрасла публіцыстычнасць паэзіі Петруся Макаля. Кнігі вершаў “Азбука любві” (1989), “Лагода” (1992), “Твар і душа” (1995) вызначаюцца філасофскім роздумам, асацыятыўнай выразнасцю, алегарычнасцю, выкарыстаннем сродкаў іроніі і сатыры.

Высокае майстэрства паэта прыцягвала ўвагу многіх замежных паэтаў і чытачоў. Яго творы былі перакладзены на англійскую, нямецкую, іспанскую, польскую і іншыя мовы свету. Займаўся перакладамі і сам Пятрусь Макаль: пераклаў на беларускую мову анталогію сучаснай славацкай паэзіі “Татры пяюць” (1976), зборнік вершаў М. Валека “Крылы”, А. Шасцінскага “Помню і люблю” (абедзве 1978) і інш.