
Вёска Расолы, у якой нарадзіўся Адам Восіпавіч Мальдзіс, у 1930-я гг. адносілася да Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства Польшчы (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Гэты край здаўна быў месцам, дзе цесна перапляліся беларускія, літоўскія і польскія культурныя традыцыі. Мясцовыя паданні і звычаі, цікавыя гісторыі з дзяцінства абудзілі інтарэс А. Мальдзіса да мінуўшчыны, вытокаў культуры. У 1951 г. пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы ён стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працаваў у Радашковіцкай раённай газеце “Сцяг Ільіча”. У 1959 г. стаў аспірантам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Гэтай установе А. Мальдзіс аддаў больш за 30 гадоў напружанай працы, стаў доктарам філалагічных навук і прафесарам. У Інстытуце літаратуры на поўную моц раскрыўся рознабаковы талент Адама Восіпавіча як літаратуразнаўца, даследчыка, пісьменніка, вучонага, грамадскага і культурнага дзеяча.
Ужо першая яго кніга “Творчае пабрацімства: беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.” (1966) паказала, што ў беларускім літаратуразнаўстве з’явіўся апантаны даследчык, які комплексна падыходзіў да вывучэння пытанняў літаратуры і культуры, імкнуўся да жывой размовы з чытачом. Другая кніга “Падарожжа ў XIX стагоддзе” (1969) стала настольнай для ўсіх, хто цікавіўся культурнай спадчынай Беларусі. Міжнароднае прызнанне аўтару прынесла кніга “На скрыжаванні славянскіх традыцый” (1980), прысвечаная беларускай літаратуры і культуры XVII–XVIII стст. У час работы над выданнем А. Мальдзіс карыстаўся матэрыяламі з архіваў і бібліятэк Мінска, Вільнюса, Масквы, Ленінграда, Львова, Кракава і Варшавы.
З цягам часу з’яўляліся ўсё новыя даследаванні: “Шляхі вялі праз Беларусь” (1980, у суаўтарстве з В. Грыцкевічам), “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя” (1982, перавыдадзена ў 2001), “Восень пасярод вясны” (1984), “З літаратуразнаўчых вандраванняў” (1987), “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” (1990, перавыдадзена ў 2010) і інш. Вынікам шматгадовых літаратуразнаўчых даследаванняў А. Мальдзіса стала падрыхтоўка і выданне шасцітомнага біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” (1992–1995).
Немагчыма ахапіць і раскрыць усе бакі шматграннай дзейнасці і творчасці А. Мальдзіса. Ён узначальваў камісію “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры; быў членам дзвюх спецыяльных міжведамасных камісій пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Без дапамогі А. Мальдзіса не абышлося стварэнне Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку, дзякуючы яму было наладжана выданне серыі зборнікаў “Беларусіка = Albaruthenica”, бюлетэня “Кантакты і дыялогі”.
Плённая праца А. Мальдзіса ўшанавана высокімі айчыннымі і замежнымі ўзнагародамі. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980), заслужаны дзеяч польскай культуры, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы двойчы прысвойваў выдатнаму беларускаму даследчыку ганаровае званне “Чалавек года” ў галіне культуралогіі.