
Адметнае месца ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства займаюць работы Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Нарадзіўся будучы даследчык у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння польскай школы вучыўся ў гімназіі імя А. Міцкевіча і педагагічным вучылішчы ў Навагрудку (1936–1941). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці падпольных антыфашысцкіх арганізацый і партызанскіх атрадаў у Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці: быў кулямётчыкам, мінёрам, начальнікам штаба партызанскага атрада.
У 1945–1949 гг. У.А. Калеснік вучыўся на філалагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У 1952 г. скончыў аспірантуру пры ім і ўзначаліў кафедру літаратуры ў Бабруйскім настаўніцкім інстытуце. З 1954 г. прафесійная дзейнасць Уладзіміра Андрэевіча была звязана з Брэсцкім педагагічным інстытутам (цяпер Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна). Сярод яго студэнтаў былі вядомыя беларускія даследчыкі мовы і літаратуры В. Ляшук, А. Майсейчык, Г. Малажай, У. Гніламёдаў, Г. Ішчанка і інш. Акрамя педагагічнай дзейнасці У.А. Калеснік супрацоўнічаў з Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі. У 1956–1970 гг. узначальваў Брэсцкае абласное літаратурнае аб’яднанне.
Літаратурную працу У.А. Калеснік пачаў у 1952 г. з артыкулаў і рэцэнзій на кнігі. Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры ад старажытнасці да сучаснасці, фальклор, паэзію, пераклады беларускай паэзіі на польскую мову, творчасць асобных украінскіх і польскіх літаратараў, станаўленне і адметнасці паэтычнага таленту заходнебеларускіх пісьменнікаў М. Танка, У. Жылкі, М. Васілька, А. Салагуба і інш.
М. Танк У. Жылка М. Васілёк А. Салагуб
Вучоны – аўтар кніг, літаратурна-крытычных нарысаў, літаратурных партрэтаў, дакументальна-мастацкіх аповесцей, падручнікаў і дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў. Сярод публікацый – «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль. Нарыс жыцця і творчасці» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Літаратурная прэмія імя І. Мележа). У апошнія гады жыцця даследчык працаваў над кнігай успамінаў «Доўг памяці» (2005).
У 1979 г. вучонаму было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі, у 1980 г. У.А. Калеснік стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш. У 2007 г. была выдадзена кніга ўспамінаў «Пасланец Праметэя», прысвечаная жыццю і дзейнасці У.А. Калесніка. Лепшым літаратарам Брэсцкай вобласці прысуджаецца літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.