Да юбілею Ірмы Яўнзем

27 верасня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння спявачкі, заслужанай артысткі Беларусі і народнай артысткі Расіі Ірмы Яўнзем

Знакамітая спявачка, выкладчык Ірма Пятроўна Яўнзем належала да лiку тых майстроў, якiя атрымалі прызнанне далёка за межамі нашай краіны. Самабытны талент, прыгожы моцны голас і артыстызм дапамагалі ёй выконваць не толькі класічныя камерныя творы, але і народныя песні.

Нарадзілася І. Яўнзем у Мінску, куды бацькі пераехалі з Латвіі. Яшчэ з дзяцінства захаплялася музыкай. Маці дзяўчынкі спявала ў хоры, часта брала яе з сабой, і тая падпявала дарослым. Пасля заканчэння Мінскай Марыінскай гімназіі ў 1915 г. Ірма паступіла ў Петраградскую кансерваторыю на аддзяленне вакалу і фартэпіяна, але ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 г. вымушана была вярнуцца ў Мінск.



Ірма Яўнзем – вучаніца Мінскай Марыінскай гімназіі (1914).


Сярод тых, хто дапамог маладой спявачцы пачаць канцэртную дзейнасць, быў М.В. Фрунзэ. У перыяд грамадзянскай вайны І. Яўнзем выступала ў складзе вандроўных груп, што называліся камернымі тэатрамі мініяцюр. Служыла ў часцях А. Палупанава – камандзіра браняпоезда «Свабода або смерць!». Разам з іншымі спевакамі і акцёрамі давала канцэрты ў гарадах і пасёлках. Выконвала оперныя арыі, рамансы, народныя песні.



Ірма Яўнзем – удзельніца камернага тэатра мініяцюр "Гняздо пералётных птушак" (1918).


Пасля наступлення мірнага часу засталася ў Харкаве, працавала на запалкавай фабрыцы. Лёс зноў звёў спявачку з М.В. Фрунзэ, які ў той час з’яўляўся галоўнакамандуючым войскамі Украіны і Крыма, і дапамог І. Яўнзем з працаўладкаваннем па спецыяльнасці. Пачатак канцэртнай дзейнасці аказаўся складаным: выступленні маладой спявачкі адбываліся ў рабочых клубах, чырвоных кутках на прадпрыемствах.

У канцы 1921 г. І. Яўнзем вярнулася ў Мінск. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча спявачка была вымушана падарожнічаць па беларускіх вёсках, дзе выменьвала свае асабістыя рэчы на прадукты харчавання. Адначасова збірала беларускія народныя песні, сярод якіх «Песня пастуха» і «Калыханачка», што пазней увайшлі ў яе багаты рэпертуар. Ірма Яўнзем не толькі запісвала песні, пасля апрацоўкі артыстка выконвала іх у канцэртах разам з опернымі арыямі і рамансамі. У 1923 г. спявачка адной з першых атрымала званне заслужанай артысткі БССР.



Ірма Яўнзем у беларускім строі


У 1923 г. І. Яўнзем была накіравана ў Маскву на выкладчыцкую работу ў Беларускую драматычную студыю. Пасля заканчэння камандзіроўкі засталася ў сталіцы і да 1963 г. з’яўлялася салісткай Маскоўскай філармоніі. У 1930 г. упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва публіка мела магчымасць паслухаць народныя песні ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Яўнзем выступала з канцэртамі на перадавой і ў тыле. Яна стала першай выканаўцай вядомай песні «У лесе прыфрантавым» (музыка М. Блантара, на словы М. Ісакоўскага). З 1950 г. выкладала ў Маскоўскай музычнай школе імя М. Іпалітава-Іванова. Яе вучнямі былі выдатныя артысткі К. Шаўрына, В. Варанец, Ж. Бічэўская, В. Шутава, Л. Зыкіна, А. Камбурава і інш.

Ірма Яўнзем (справа) і Людміла Зыкіна ў час працы над песняй (1960-я гг.).


На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Iрма Пятроўна ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі. Пабывала на Каўказе, Урале, у Сібіры, Казахстане, Сярэдняй Азіі, Алтаі і назапасiла вялікі рэпертуар народных песень (больш за 5 тыс. песень на 64 мовах і дыялектах).


Ірма Яўнзем ў час запісу народных песень (1928).


Ірма Яўнзем імкнулася ўлавіць самае важнае ў інтанацыі, рытмічнай адметнасці музычнай культуры кожнай нацыі, старалася перадаць нацыянальны характар твора дакладнымі, яркімі, выразнымі, пранiкнёнымі гукамі, выступала з канцэртамі ў Савецкім Саюзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Германіі.

У 1931 г. быў выдадзены зборнік «Революционные песни народов», падрыхтаваны спявачкай, праз 40 гадоў найбольш вядомыя песні з рэпертуару І. Яўнзем на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах былі надрукаваны ў выдавецтве «Музыка».


                      

У 1968 г. выйшла кніга ўспамінаў І. Яўнзем «Человек идет за песней». У 1957 г. Ірма Пятроўна Яўнзем стала народнай артысткай РСФСР, у 1967 г. была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 2001 г. быў выдадзены зборнік «Ирма Яунзем», у які ўвайшлі як аўтабіяграфічныя матэрыялы выдатнай спявачкі, так і ўспаміны аб ёй дачкі, паплечнікаў і вучняў.