Да юбілею Зоські Верас

30 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас

Людвіцы Антонаўне Сівіцкай (сапраўднае імя Зоські Верас) лёс наканаваў доўгае, насычанае цікавымі падзеямі жыццё. Яна нарадзілася на Украіне ў сям’і ваеннаслужачага і выхоўвалася ў атмасферы павагі да сваіх нацыянальных каранёў. Бацькі захапляліся літаратурай, класічнай музыкай, ведалі некалькі замежных моў. Зоська Верас атрымала грунтоўную хатнюю адукацыю і ў 1904 г. паступіла ў прыватнае камерцыйнае вучылішча ў Кіеве. Свае першыя літаратурныя творы змяшчала ў часопісе навучэнцаў “Подснежник”. Скончыць вучылішча дзяўчынцы не давялося: раптоўная смерць бацькі прымусіла вярнуцца на радзіму бацькоў –  Гродзеншчыну – фальварак Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына), які належаў яе дзеду. Далейшая вучоба праходзіла ў Гродзенскай прыватнай жаночай гімназіі, дзе Зоська Верас актыўна ўключылася ў грамадска-культурнае жыццё: уступіла ў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, займалася зборам кніг, наладзіла сувязь з Віленскай беларускай кнігарняй, рэдакцыяй газеты “Наша ніва” і суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”. Акрамя таго, іграла ў спектаклях гуртка, перакладала з польскай мовы на беларускую кароткія п’есы, прымала ўдзел у выданні альманаха “Колас беларускай нівы”, пісала вершы, якія былі ўпершыню надрукаваны ў “Нашай ніве” ў 1911 г. пад псеўданімам Мірко.

 

Гродзенскі гурток беларускай моладзі. Зоська Верас другая злева ў другім радзе


Захапленне прыродай роднага краю прывяло Зоську Верас у 1913 г. у Варшаву на агародніцка-пчалярскія курсы. Свае веды ў батаніцы яна абагуліла ў “Беларуска-польска-расійска-лацінскі батанічны слоўніку” (1924).


Выданне было цалкам уключана ў батанічны слоўнік А. Кісялеўскага (выдадзены ў 1967 г.). У Варшаве Зоська Верас пазнаёмілася і пасябравала з таленавітым беларускім паэтам Г. Леўчыкам, вядомым фалькларыстам, этнографам і археолагам М. Федароўскім. У час Першай сусветнай вайны Зоські Верас была вымушана перабрацца ў Мінск. Мінскі перыяд (1915–1918) пакінуў адметны след у яе жыцці: праца ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, стварэнне сталовых для бежанцаў, кіраўніцтва дзіцячым прытулкам, курсы садоўніцтва і пчалярства, дапамога параненым. Адным з найбольш блізкіх па духу Зосьцы Верас людзей у гэты перыяд быў М. Багдановіч.



М. Багдановіч


Восенню 1918 г. Зоська Верас зноў пасялілася ў Альхоўніках, пісала вершы, апавяданні; рыхтавала батанічны слоўнік і энцыклапедычны даведнік па меданосных раслінах. З 1923 г. абрала пастаянным месцам жыхарства Вільню. Тут адразу ўлілася ў беларускае культурна-дэмакратычнае жыццё: працавала ў газетах Беларускай сялянска-работніцкай грамады, займалася выдавецкай справай. У 1928 г. Зосьцы Верас удалося надрукаваць зборнік вершаў М. Машары “Малюнкі”. У тым жа годзе арганізавала і ўзначаліла кааператыўнае таварыства “Пчала”. З 1927 па 1931 г. была рэдактарам дзіцячага часопіса “Заранка”, а з 1934 г. рэдагавала адначасова часопісы “Пралескі” (дзіцячы) і “Беларуская борць” (сельскагаспадарчы).

 

           

У віленскі перыяд жыцця Зоська Верас напісала шмат вершаў, апавяданняў, эсэ, артыкулаў на сельскагаспадарчыя і педагагічныя тэмы; перакладала з украінскай і польскай моў п’есы для дзіцячага тэатра; напісала ўспаміны пра М. Багдановіча, Г. Леўчыка, У. Галубка, Ядвігіна Ш.

Да апошніх дзён жыцця Зоська Верас заставалася ў цэнтры грамадска-культурнага жыцця Беларусі: вяла перапіску з літаратарамі і краязнаўцамі, сустракалася з моладдзю, давала інтэрв’ю, пісала біяграфічныя нарысы пра славутых беларусаў. У 1982 г. была прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, у 1985 г. выйшаў зборнік яе вершаў “Каласкі”. У 2015 г. асобным выданнем выйшлі з друку выбраныя творы Зоські Верас і кніга яе ўспамінаў і лістоў “Пакуль рука пяро трымае”.