Да юбілею Абрама Бразера

21 кастрычніка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння скульптара, жывапісца і графіка Абрама Маркавіча Бразера

Гісторыя беларускага выяўленчага мастацтва першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. цесна звязана з дзейнасцю Абрама Маркавіча Бразера. Нарадзіўся мастак у Кішынёве ў сям’і настаўніка, першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Адэсе, скончыў Кішынёўскае мастацкае вучылішча (1910). Свае юнацкія гады мастак правёў у Парыжы (1912–1914), дзе адбылося яго знаёмства з М. Шагалам.

У 1916–1918 гг. А. Бразер жыў і працаваў у Петраградзе, прымаў удзел у мастацкіх выстаўках. У 1918 г. пераехаў у Віцебск. У пачатку свайго творчага шляху мастак шмат часу прысвячаў графіцы, у 1920-х гг. захапіўся скульптурай. Першай пробай яго сіл у гэтай галіне сталі помнік-бюст вядомага швейцарскага педагога Песталоці (1919) і бюст К. Маркса для Віцебскага Дома Саюзаў (1920). У маі 1919 г. А. Бразер быў запрошаны на пасаду дэкаратара ў Гарадскі тэатр, займаўся арганізацыяй і правядзеннем Першай дзяржаўнай выстаўкі карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў.

У Віцебску мастак пачынае і сваю педагагічную дзейнасць: дае прыватныя ўрокі, вядзе заняткі ў студыі для глуханямых дзяцей. З 1920 па 1924 гг. А. Бразер выкладае тэхніку скульптуры ў Вольных дзяржаўных майстэрнях, затым – у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце (1922–1923) і мастацкім тэхнікуме (1923–1924). Акрамя выкладчыцкай дзейнасці мастак арганізоўвае дыспуты і мітынгі на тэмы сучаснага выяўленчага мастацтва, удзельнічае ў выстаўках, займаецца камплектаваннем Віцебскага музея сучаснага мастацтва, стварае эскізы для святочнага ўпрыгожання горада. 18 мая 1922 г. у Віцебску адбылося адкрыццё першай персанальнай выстаўкі А. Бразера.

У 1923 г. мастак пераехаў у Мінск, уваходзіў у склад “Усебеларускага аб’яднання мастакоў”, быў членам Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі, у 1940 г. прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. У 1925 г. мадэль помніка ахвярам Курлаўскага расстрэлу, некалькі партрэтаў асоб, звязаных з нацыянальна-патрыятычным рухам, бытавыя сцэнкі з местачковага жыцця, выкананыя А. Бразерам, дэманстраваліся на І Усебеларускай мастацкай выстаўцы.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны А. Бразер стварыў скульптурныя партрэты Ф. Скарыны (1925), С.М. Міхоэлса (1926), М.М. Галадзеда (1931), М.Б. Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.Э. Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобласці, 1933). Сярод жывапісных твораў мастака: аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэт Ю. Пэна (1921), У.І. Галубка (1931), карціны “Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.” (1928), “Маслабойка” (1928) і інш. У 1930-я гг. з’явіўся шэраг графічных партрэтаў М. Лынькова, З. Бандарынай, К. Чорнага (усе 1931), П. Броўкі (1932), Я. Купалы, Я. Коласа (1934) і інш.

 

                                                        

                  Бюст С. Міхоэлса                                                           Партрэт Ю. Пэна

За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску была адкрыта вялікая персанальная выстаўка твораў А. Бразера (сумесна з Львом Лейтманам). Пасля захопу горада нацыстамі работы мастака былі знішчаны. Апошнія паўгода свайго жыцця А. Бразер разам з жонкай і сынам правёў у Мінскім гета. 15 ліпеня 1942 г. сям’я мастака была расстраляна. Некалькі ўцалелых твораў А. Бразера (у т. л. бюст С.М. Міхоэлса) знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.