Да юбілею Эдварда Вайніловіча

13 кастрычніка спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Эдварда Адама Вайніловіча

Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду, рэфарматар эканомікі, мецэнат, фундатар Мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвонага касцёла) Эдвард Адам Вайніловіч нарадзіўся ў маёнтку Сляпянка Мінскага павета (зараз у межах Мінска). Пачатковую адукацыю атрымаў дома, з дзяцінства вывучаў польскую, беларускую, рускую, нямецкую і французскую мовы, з адзнакай скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, Санкт-Пецярбургскі практычны тэхналагічны інстытут. Пасля заканчэння навучання праходзіў практыку на заводзе паравозаў доктара Штроўсберга ў Гановеры (Германія), некаторы час працаваў у Бельгіі, вандраваў па Італіі, вывучаў эканоміку і сельскую гаспадарку ў Францыі і Прусіі.


У 1872 г. Э. Вайніловіч вярнуўся ў родавы маёнтак Савічы (Слуцкі павет), дзе пачаў займацца сельскагаспадарчай вытворчасцю, а таксама далучыўся да грамадскай і дзяржаўнай службы. Ён з’яўляўся ганаровым міравым суддзёй Слуцкага павета (1883–1917), дэпутатам дваранства Случчыны ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе (1887–1917, 1918), быў апекуном над уладаннямі малалетняга князя Альбрэхта Радзівіла (1903–1914), некалькі разоў выбіраўся ў Расійскую Дзяржаўную думу, быў членам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі. Шмат часу Э. Вайніловіч прысвячаў працы ў Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі, членам якога быў з 1878 г. Сваёй плённай працай (з 1888 г. быў віцэ-старшынёй, з 1907 г. старшынёй) зрабіў таварыства лепшым ва ўсім Паўночна-Заходнім краі і вывеў яго ў шэраг самых эфектыўных і прагрэсіўных гаспадарчых арганізацый Расійскай Імперыі.

Акрамя грамадскай і дзяржаўнай службы Э. Вайніловіч з’яўляўся членам дабрачыннага таварыства Слуцкага павета (1880–1917), удзельнічаў у фінансаванні будаўніцтва камерцыйнага вучылішча ў Слуцку і інш. Пасля цяжкіх сямейных выпрабаванняў – смерці абодвух дзяцей – у 1905–1910 гг. на свае грошы пабудаваў у Мінску ў памяць аб іх касцёл у імя святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).


                                                                 

У час Першай сусветнай вайны Э. Вайніловіч быў прызначаны на пасаду старшыні мабілізацыйнай камісіі Слуцкага павета, займаўся перасяленнем з Мінскай губерні ў цэнтральныя расійскія рэгіёны немцаў і аўстрыйцаў, аказваў дапамогу бежанцам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. працаваў у земскіх арганізацыях. У ходзе частай змены ўлады ў Беларусі ў 1918–1919 гг. маёнтак Савічы быў разрабаваны, а старажытны архіў роду Вайніловічаў, у якім знаходзіліся дакументы амаль за 300 гадоў, цалкам знішчаны. У ліпені 1920 г. Э. Вайніловіч з сям’ёй назаўсёды пакінуў родныя мясціны і апошнія гады жыцця правёў у Быдгашчы (Польшча). Пісаў успаміны (выдадзены ў 1931 г.), падтрымліваў прытулак для бяздомных і дзяцей-сірот, узначальваў арганізацыю эмігрантаў «Саюз палякаў усходніх ускраін» (1923–1928), быў ганаровым членам Навагрудскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Памёр Э. Вайніловіч 16 чэрвеня 1928 г. у Быдгашчы. У 2006 г. яго прах быў перавезены ў Мінск і пахаваны каля ўвахода ў Чырвоны касцёл.

У ХХІ ст. вывучэннем жыцця і дзейнасці Эдварда Адама Вайніловіча займаюцца святары, гісторыкі і краязнаўцы Беларусі і Польшчы. Вынікі сваіх даследаванняў яны прадстаўляюць у кнігах, матэрыялах навукова-практычных канферэнцый.