Да юбілею Несцера Сакалоўскага

9 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння фалькларыста, хормайстра і кампазітара Несцера Фёдаравіча Сакалоўскага

Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі шмат зрабіў для развіцця беларускай прафесійнай песеннай творчасці і музычнай культуры, захавання і прапаганды лепшых узораў народнай песні. У гэтай высакароднай і адказнай справе ён выступіў не толькі як збіральнік і выканаўца, але і як аўтар выдатных мастацкіх апрацовак для сольнага і харавога выканання.

Нарадзіўся Несцер Сакалоўскі ў в. Вешкі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і малазямельных сялян. Яго маці выдатна спявала, а родны дзядзька быў цудоўным скрыпачом-самавукам. Хлопчык выхоўваўся ў творчай атмасферы і з маленства захапляўся хараством народных мелодый. У 1908 г. сям’я Сакалоўскіх пераехала ў Мінск. Там Несцер займаўся ў Першай працоўнай школе, дзе навучыўся спяваць, іграць на балалайцы і стаў адным з самых актыўных школьных артыстаў. Вялікае значэнне ў жыцці будучага кампазітара адыграла сяброўства з вядомым дзеячам беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва К. Пуроўскім. Дзякуючы яму Н. Сакалоўскі стаў наведваць “Беларускую хатку”, дзе знаёмыя з дзяцінства песні гучалі ў выкананні прафесійнага хору. Хутка юнак і сам стаў спяваць у хоры У. Тэраўскага. Выконваў не толькі беларускія, але і рускія, украінскія творы. Разам з К. Пуроўскім папоўніў рэпертуар калектыву песняй “Бульба”, якую яны запісалі ў адной з вёсак.

У 1921–1923 гг. Н. Сакалоўскі працаваў харыстам украінскай тэатральнай трупы. У 1923 г. стаў чырвонаармейцам. Пасля звальнення ў запас быў акцёрам і хормайстрам Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра пад кіраўніцтвам У. Галубка. У час паездак па Беларусі Н. Сакалоўскі блізка знаёміўся з выканаўцамі народных песень, збіраў фальклорныя матэрыялы і народныя мелодыі. Каб мець прафесійную музычную адукацыю і займацца апрацоўкай народных мелодый паступіў у Мінскі музычны тэхнікум (скончыў у 1931 г., клас кампазіцыі М. Аладава). У 1932–1935 гг. вучыўся ў Беларускай кансерваторыі.

На 1930-я гг. прыпадае пачатак актыўнай кампазітарскай дзейнасці Н. Сакалоўскага. У 1931 г. асобнай кніжкай выйшла песня “Бальшавіцкая сяўба”, у 1933 г. выпушчаны “Чырвонаармейская” і “Разгон не стрымаць”, у 1934 г. надрукаваны зборнік “8 песень для пачатковай школы”, куды ўвайшлі творы “Свята перамогі”, “У лагеры”, “Жніво ў калгасе” і інш.

Натхнёны вершамі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, Ю. Лявоннага, А. Якімовіча і іншых паэтаў, кампазітар напісаў шэраг уласных песень. Некаторыя яго творы, такія як “Чырвоная вяргінечка”, “Скажы, скажы, чалавеча”, “Задумаў жаніцца” (на словы А. Русака), “Хлопец кудравы” (на словы А. Вялюгіна), “Калыханка” (на словы Я. Купалы), успрымаюцца сёння як народныя – так натуральна яны ўвайшлі ў музычны быт роднага краю.

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны Н. Сакалоўскі знаходзіўся ў эвакуацыі, потым некаторы час быў чырвонаармейцам, але быў адкліканы з часці для заняткаў творчай працай. З 1943 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Палескага абласнога ансамбля песні і танца, які адраджаў і тэатралізаваў беларускія народныя абрады – “Дажынкі”, “Вяснянка”, “Вяселле Цярэшкі” і інш. У ваенны час Н. Сакалоўскім напісана шмат твораў, якія заклікалі да барацьбы з фашыстамі, уздымалі дух савецкага народа, некаторыя з іх былі прасякнуты тонкім лірызмам. Адным з самых папулярных твораў з’яўляецца “Песня пра Нёман” (на словы А. Астрэйкі) – сімвал мужнасці, сапраўднага патрыятызму, любові да роднай зямлі. Яшчэ адна шырокавядомая песня майстра “Мы, беларусы” (на словы М. Клімковіча), напісаная ў гады вайны, у 1955 г. стала Дзяржаўным гімнам БССР. У 2002 г. словы гімна былі перапрацаваны У. Карызнам. Так з’явіўся гімн Рэспублікі Беларусь, аўтарам музыкі да якога з’яўляецца Н. Сакалоўскі.


З 1944 г. кампазітар узначальваў аддзел мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, з 1946 г. быў старшым рэдактарам рэдакцыі музычнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Займаўся выданнем спеўнікаў, апрацовак беларускіх народных песень, арыгінальных твораў кампазітараў Беларусі.


                  

Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі. Знакамітаму хормайстру прысвечана кніга І. Нісневіча “Кампазітар Нестар Сакалоўскі” (1969). Яго імя прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў, Докшыцкай дзіцячай школе мастацтваў. У 2015 г. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” стварыла дакументальны фільм, прысвечаны жыццю і дзейнасці Несцера Сакалоўскага.