Да юбілею Аляксандра Воінава

20 лістапада спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння архітэктара, вучонага і педагога Аляксандра Пятровіча Воінава

Адзін з заснавальнікаў беларускай архітэктурнай школы і праектнай справы Аляксандр Пятровіч Воінаў нарадзіўся ў г. Колпіна Ленінградскай вобласці.  У 1929 г. скончыў Маскоўскі вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут і адразу ж пачаў працаваць у Мінску архітэктарам, начальнікам праектных аддзелаў Белжылсаюза, Беларускага філіяла Дзіпрагара РСФСР; дырэктарам, кіраўніком архітэктурнай майстэрні “Белдзяржпраекта”.

У гады Вялікай Айчыннай вайны А.П. Воінаў займаўся будаўніцтвам аб’ектаў абароннай прамысловасці, потым узначаліў Упраўленне па справах архітэктуры пры СНК БССР. У 1947 г. стаў выкладчакам Беларускага політэхнічнага інстытута, дзе да 1973 г. з’яўляўся загадчыкам кафедры архітэктуры, а пазней быў прафесарам-кансультантам гэтай кафедры. А.П. Воінаў – аўтар 23 конкурсных праектаў і 70 праектаў буйных архітэктурных збудаванняў. У першых работах адчуваўся ўплыў канструктывізму, пазней выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і элементы класічнай архітэктуры. Яго творы належаць да лепшых дасягненняў беларускай архітэктуры. Сярод іх у Мінску: жылыя дамы на вуліцы Маскоўскай, гасцініца «Беларусь».

 

Аўтарскім калектывам з удзелам А.П. Воінава распрацаваны праекты Палаца піянераў і школьнікаў (1937, цяпер Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі), Інстытута фізічнай культуры (1939), будынка ЦК КПБ (1947, цяпер Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Тэатра юнага гледача (1952), аэравакзала «Мінск-1» (1956) і будынка Мінскага абкама КПБ (1956, цяпер Выканаўчы камітэт СНД) і інш.

 

                            

 

У Магілёве значнымі работамі сталі гасцініца «Дняпроўская» (1940, цяпер гандлёвы цэнтр «Дняпро») і жылыя дамы на вуліцы Першамайскай (1938–1941).

 

Аляксандр Пятровіч сумяшчаў творчую, навуковую, педагагічную работу з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён стаяў ля вытокаў стварэння Саюза архітэктараў рэспублікі, быў членам праўлення Саюза і яго старшынёй, з’яўляўся аўтарам шэрага навуковых прац па праблемах развіцця архітэктуры, сярод якіх "Основные черты в развитии зодчества Белоруссии" (1955), "Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии" (1957, у суаўтарстве), "Советская архитектура и градостроительство" (1958), "Минск: послевоенный опыт реконструкции и развития" (1966, у суаўтарстве) і інш.


                                                                                          

За поспехі ў развіцці беларускай архітэктуры Аляксандру Пятровічу Воінаву былі прысвоены ганаровыя званні заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1940) і заслужанага будаўніка БССР (1962). У 1968 г. за ўдзел у праектаванні і забудове Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці) атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У 2004 г. на фасадзе будынка архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар А.П. Воінава.